Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
27 мая 2021, 13:14

Лебедзеў: СНД актывізуе ўзаемадзеянне ва ўмовах узмоцненага націску краін Захаду

27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Садружнасць Незалежных Дзяржаў актывізуе ўзаемадзеянне ва ўмовах санкцый і ўзмоцненага націску краін Захаду. Аб гэтым заявіў сёння журналістам старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Само жыццё прымушае нас да таго, каб зрабіць Садружнасць больш эфектыўнай. Ва ўмовах санкцый, узмоцненага націску краін Захаду на краіны СНД мы вымушаны актывізаваць наша ўзаемадзеянне, супрацоўніцтва. Мы ў гэтым бачым наша выратаванне і выйсце са складанай сітуацыі, у якую нас вымушана ставяць нашы партнёры на Захадзе. Можна палепшыць узаемадзеянне за кошт актывізацыі нашага эканамічнага супрацоўніцтва, гуманітарных сувязей", - сказаў Сяргей Лебедзеў.

Ён адзначыў, што ў Беларусі як у старшыні СНД у 2021 годзе ёсць магчымасць надаць новы імпульс узаемадзеянню ў рамках арганізацыі. "Такое жаданне ў народаў краін Садружнасці ёсць. Захаваліся дружалюбныя адносіны паміж прадстаўнікамі народаў нашых краін, веданне культуры, літаратуры, мастацтва адзін аднаго. Ёсць жаданне падтрымліваць кантакты, актывізаваць турызм на прасторы СНД, - заявіў выканаўчы сакратар. - Мы будзем прыкладаць усе намаганні для таго, каб не толькі захаваць наша супрацоўніцтва, але і развіваць, удасканальваць яго, павялічваць аб'ёмы ўзаемных сувязей. І самае галоўнае - іх карыснасць".

Паводле слоў Сяргея Лебедзева, з Прэзідэнтам Беларусі адбылася вельмі добрая адкрытая размова. "Я адчуў, што ён уважліва сочыць за ходам старшынства рэспублікі ў СНД. Ён хоча, каб гэта старшынства было эфектыўным. Магу пацвердзіць, што гэта ўдаецца", - сказаў ён.

Выканаўчы сакратар СНД на сустрэчы праінфармаваў кіраўніка беларускай дзяржавы аб парадку дня заўтрашняга пасяджэння ў Мінску Савета кіраўнікоў урадаў. "Для Прэзідэнта важна, ён аб гэтым сказаў, падрыхтавацца да асенняга пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў, якое пройдзе 15 кастрычніка ў Мінску. І цяпер ужо Адміністрацыя Прэзідэнта Беларусі, МЗС, Выканкам СНД прапрацоўваюць парадак дня маючай адбыцца сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў, - расказаў Сяргей Лебедзеў. - Мы вельмі спадзяёмся, што ніякі COVID або нейкія іншыя абставіны не перашкодзяць асабіста сустрэцца прэзідэнтам і адкрыта пагаварыць аб надзённых праблемах СНД".

Ён канстатаваў, што праблем у Садружнасці хапае, іх усведамляюць і бачаць. "Але самае галоўнае для мяне і Прэзідэнта Беларусі - каб гэтыя праблемы вырашаліся. Жаданне вырашаць сумесна гэтыя праблемы ёсць, разуменне таго, што асобна іх мы не вырашым. Мы можам гэтыя праблемы вырашыць толькі разам. Гэта і эканамічныя, і знешнепалітычныя праблемы. Але калі мы разам, вырашаць іх намнога лягчэй", - рэзюмаваў выканаўчы сакратар СНД.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі