19 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў лічыць паспяховым старшынства Туркменістана ў СНД у 2019 годзе. Аб гэтым ён заявіў сёння журналістам перад пачаткам пасяджэння Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў - удзельніц Садружнасці пры статутных і іншых органах СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Старшынства Туркменістана ў СНД ажыццяўляецца даволі паспяхова. І на тэрыторыі Туркменістана за мінулыя паўгода прайшло нямала важных мерапрыемстваў у рамках старшынства, і за яго межамі. Магу назваць Форум навуковай і творчай інтэлігенцыі, пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў, якое адбылося 31 мая ў Ашхабадзе. 21 чэрвеня ў Мінску адбудзецца чарговае пасяджэнне Эканамічнага савета СНД таксама пад старшынствам Туркменістана", - сказаў Сяргей Лебедзеў.
Аб выніках туркменскага старшынства ў СНД у першым паўгоддзі сёння на пасяджэнні даложыць пастаянны прадстаўнік Туркменістана Назаркулы Шакулыеў. Акрамя таго, членам Савета пастаянных прадстаўнікоў будуць прадстаўлены прапановы ў праекты парадку дня пасяджэнняў Савета міністраў замежных спраў і Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, намечаных у Ашхабадзе на 10 і 11 кастрычніка адпаведна.
"Асноўныя прапановы паступілі ўжо. Але самым галоўным, напэўна, я назваў бы маючае адбыцца прыняцце звароту кіраўнікоў дзяржаў краін Садружнасці ў сувязі з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта вельмі важны дакумент, ён практычна падрыхтаваны, і я думаю, што будзе аднадушна адобраны. Па рэакцыі, якая паступае са сталіц краін СНД, відаць, што гэтаму дакументу надаецца важнае значэнне", - адзначыў Сяргей Лебедзеў.
На пасяджэнні Савета пастаянных прадстаўнікоў будзе таксама абмяркоўвацца дзейнасць Міждзяржаўнага савета па надзвычайных сітуацыях прыроднага і тэхнагеннага характару. З інфармацыяй па гэтым пытанні выступіць старшыня міждзяржсавета, першы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Беларусі Аляксандр Худалееў. Пастаянныя паўнамоцныя прадстаўнікі абмяркуюць вынікі праведзенага 31 мая ў Ашхабадзе пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД і задачы па рэалізацыі прынятых на ім дакументаў.
Плануецца разгледзець сумесны план мерапрыемстваў Выканаўчага камітэта СНД, Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў і Камісіі па эканамічных пытаннях пры Эканамічным савеце па рэалізацыі даручэнняў, што зыходзяць з рашэнняў Савета міністраў замежных спраў СНД ад 5 красавіка, а таксама прапаноў, выказаных кіраўнікамі дэлегацый у ходзе гэтага пасяджэння.-0-