Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
02 ліпеня 2020, 14:22

Лебедзеў: Алея Дружбы ў Мінску - сімвал памяці аб укладзе краін СНД у агульную Перамогу

2 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Алея Дружбы ў Мінску - сімвал памяці аб укладзе краін СНД у агульную Перамогу, заявіў журналістам старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, які сёння прыняў удзел у яе ўрачыстым адкрыцці ў музейна-паркавым комплексе "Перамога", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У СНД гэты год праходзіць пад знакам 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Вельмі шмат мерапрыемстваў праходзіць у гэты перыяд ва ўсіх краінах Садружнасці. Мы толькі што былі сведкамі адкрыцця буйнога мемарыяла ў Ржэве з удзелам прэзідэнтаў Беларусі і Расіі. Мы разглядаем і гэту алею як помнік укладу Беларусі і ўсіх краін СНД у Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта натуральна - памятаць пра тых, хто абараніў незалежнасць Савецкага Саюза. Глыбока сімвалічна, што мы сёння, напярэдадні чарговай даты вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, тут адкрываем такі помнік - Алею Дружбы", - сказаў Сяргей Лебедзеў.

Старшыня Выканкама СНД заявіў, што гэта знамянальная падзея для ўсіх краін Садружнасці. "Вы ведаеце, штаб-кватэра Выканкама СНД знаходзіцца ў Мінску. І мы нефармальна лічым Мінск сталіцай СНД. Таму знаходжанне такой Алеі Дружбы тут натуральна", - сказаў на заканчэнне Сяргей Лебедзеў.

Закласці Алею Дружбы - ініцыятыва Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў СНД пры статутных і іншых органах Садружнасці, рэалізаваная пры падтрымцы МЗС Беларусі і Мінгарвыканкама. "Мы разам працуем у адзіным інтэрнацыянальным калектыве ў Выканкаме СНД. Наша задача - захоўваць і ўмацоўваць нашу агульную дружбу. Мне ўяўляецца, што жыхары і госці сталіцы Беларусі, прыходзячы сюды, будуць успамінаць і герояў вайны, і аб вялікім укладзе нашых народаў у агульную Перамогу", - адзначыў старшыня Выканкама СНД.

Сяргей Лебедзеў падкрэсліў, што зямля Беларусі свяшчэнная. "Калі ўпершыню я трапіў у Беларусь, маім запаветным жаданнем было наведаць Брэсцкую крэпасць і Хатынь. І я са сваёй сям'ёй наведаў гэтыя святыя мясціны, пакланіўся перад гэтымі манументамі", - расказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі