Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
16 студзеня 2020, 12:18

Латвіі важна бачыць Беларусь незалежнай і стабільнай - Карыньш

16 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Латвіі важна бачыць Беларусь незалежнай і стабільнай. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Латвіі Крыш'яніс Карыньш сёння на сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Слова ў адказ на перагаворах Крыш'яніс Карыньш пачаў на рускай мове. Ён пажартаваў, што разумее яе лепш, чым размаўляе на ёй, таму вымушаны перайсці на англійскую мову, каб "не сказаць нешта не так". "Вы думаеце, я на англійскай мове лепш вас зразумею, чым на рускай? - пажартаваў у адказ Аляксандр Лукашэнка. - Каб вам лепш гаварыць на рускай, на нашай мове, вы да нас часцей прыязджайце".

Крыш'яніс Карыньш адзначыў, што Латвія зацікаўлена развіваць добрыя адносіны з Беларуссю. "Для нас важна бачыць незалежную, стабільную і працвітаючую Беларусь", - сказаў прэм'ер-міністр. Ён закрануў пытанні падрыхтоўкі візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Латвію, дадаўшы, што ў Рызе яго будуць чакаць 3 красавіка, калі гэта дата зручная для беларускага боку.

Прэм'ер-міністр дадаў, што ў Латвіі нядаўна змяніліся рэгламенты кіравання партамі, і цяпер яны поўнасцю падкантрольныя ўраду. "Мы адкрытыя для бізнесу", - адзначыў ён.

У час сустрэчы была закранута тэматыка падрыхтоўкі да чэмпіянату свету па хакеі, які ў 2021 годзе пройдзе ў Мінску і Рызе. Крыш'яніс Карыньш заявіў, што з латвійскага боку ўсё ідзе па плане. "Мы вельмі рады магчымасці праводзіць у наступным годзе чэмпіянат па хакеі разам з вамі, - падкрэсліў ён. - І што асабліва прыемна: беларуская і латвійская каманды ў розных дывізіёнах, таму, можа, у канцы чэмпіянату мы сустрэнемся ў Мінску".

"Не дай бог!" - жартам адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што латвійцы апошнім часам прынеслі беларусам шмат непрыемнасцей на лёдзе, таму ў Мінску гэтай сустрэчы асцерагаюцца.

Тавараабарот паміж Беларуссю і Латвіяй у 2018 годзе склаў $582,7 млн, што амаль на 33 працэнты больш у параўнанні з узроўнем 2017 года. Экспарт - $485,6 млн, імпарт - $97,1 млн. У студзені-лістападзе 2019 года тавараабарот склаў больш за $460 млн, пры экспарце $377,5 млн.

Экспарт паслуг у 2018 годзе склаў $188,2 млн, а па выніках студзеня-кастрычніка мінулага года - $136,6 млн.

За 2018 год у эканоміку Беларусі прыцягнута інвестыцый з Латвіі ў аб'ёме $107,5 млн, у тым ліку прамых - $82,1 млн. У студзені-верасні 2019 года - $68 млн, уключаючы $53,6 млн прамых.

На тэрыторыі Беларусі працуюць 585 прадпрыемстваў з удзелам латвійскага капіталу - у сферах гандлю, паслуг, дрэваапрацоўкі, фармацэўтыкі. Дзейнічае двухбаковая міжурадавая камісія па эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, савет дзелавога супрацоўніцтва, змешаная камісія па міжнародных аўтамабільных зносінах, рабочая група па транспарце.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі