Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
06 мая 2021, 14:07

КС прызнаў закон аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму адпаведным Канстытуцыі

6 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канстытуцыйны суд (КС) прызнаў закон Беларусі "Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму" адпаведным Канстытуцыі. Аб гэтым гаворыцца ў рашэнні суда нумар Р-1262/2021 ад 30 красавіка 2021 года, апублікаваным сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

"На падставе выкладзенага Канстытуцыйны суд лічыць, што закон па змесце норм, форме акта, размежаванні кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі і парадку прыняцця адпавядае Канстытуцыі", - гаворыцца ў рашэнні.

У ім адзначаецца, што ўстанаўліваемае нормамі закона прававое рэгуляванне грамадскіх адносін па недапушчэнні рэабілітацыі нацызму забяспечвае рэалізацыю канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, палажэнняў Канстытуцыі аб абароне канстытуцыйнага ладу, аб забеспячэнні законнасці і правапарадку, нацыянальнай бяспекі, грамадзянскай згоды, аб гарантаванні правоў, свабод і абароны інтарэсаў кожнага.

"Згодна з Канстытуцыяй кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне (ч. 1 арт. 33); пры гэтым забараняецца прапаганда вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці (ч. 3 арт. 5), - гаворыцца ў рашэнні суда. - У шэрагу міжнародна-прававых актаў адзначана неабходнасць прыняцця належных мер, у тым ліку заканадаўчых, накіраваных на процідзеянне нацызму, які адносіцца да ліку найбольш небяспечных форм праяўлення экстрэмісцкай дзейнасці".

Канстытуцыйны суд адзначае, што ажыццяўленне экстрэмісцкай дзейнасці шляхам рэабілітацыі нацызму з'яўляецца адной з праблем сучаснасці, паколькі без сацыяльнай, нацыянальнай, міжрэлігійнай згоды ў грамадстве немагчыма забеспячэнне правапарадку, спакою і ўпэўненасці грамадзян у тым, што дзяржава можа гарантаваць іх правы, свабоды, законныя інтарэсы незалежна ад полу, расы, нацыянальнасці і інш.

Законам вызначаны, у прыватнасці, прававая аснова дзейнасці і асноўныя прынцыпы недапушчэння рэабілітацыі нацызму, суб'екты процідзеяння рэабілітацыі нацызму, асноўныя напрамкі прафілактыкі і меры процідзеяння рэабілітацыі нацызму, а таксама ўстанаўліваюцца кантроль і нагляд за дзейнасцю ў гэтай галіне, адказнасць за рэабілітацыю нацызму.

Закон "Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму" прыняты Палатай прадстаўнікоў 16 красавіка, адобраны Саветам Рэспублікі 21 красавіка.

Іншымі рашэннямі Канстытуцыйнага суда, якія таксама апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, прызнаны адпаведнымі Канстытуцыі законы "Аб змяненні законаў па пытаннях процідзеяння экстрэмізму" і "Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі