
10 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой 10 красавіка сустрэўся з адказным сакратаром Парламенцкай асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы - кіраўніком Сакратарыята ПА АДКБ Сяргеем Паспелавым, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе дыпмісіі.
"Бакі абмяняліся меркаваннямі аб перспектывах узаемадзеяння па лініі ПА АДКБ у кантэксце старшынства Рэспублікі Беларусь у арганізацыі. Падрабязна спыніліся на пытаннях падрыхтоўкі і правядзення 18 мая ў Мінску выязнога пасяджэння Савета асамблеі і абмяняліся меркаваннямі па праекце праграмы мерапрыемства. Сяргей Паспелаў паведаміў, што цяпер парадак дня пасяджэння знаходзіцца на стадыі ўзгаднення кіраўніцтвам асамблеі. Былі закрануты і іншыя мерапрыемствы рабочых органаў асамблеі, правядзенне якіх плануецца ў Беларусі", - расказалі ў прэс-службе.
Дзмітрый Крутой адзначыў важнасць парламенцкага вымярэння для АДКБ і прапанаваў прадоўжыць работу па ўзмацненні і павышэнні статусу арганізацыі і ПА АДКБ. Ён зрабіў акцэнт на неабходнасці прававога афармлення неўрэгуляваных на гэты момант пытанняў дзейнасці асамблеі і канкрэтызацыі вынікаў на гэтым напрамку, звярнуўшы ўвагу на работу ў сферы мадэльнай заканатворчасці і фарміравання прававых асноў міратворчай дзейнасці АДКБ.
"Сяргей Паспелаў у сваю чаргу абазначыў, што выпрацаваныя асамблеяй мадэльныя законы ўлічваюцца пры распрацоўцы нацыянальных актаў дзяржавамі-ўдзельніцамі, напрыклад, па перамяшчэнні ваенных грузаў, правядзенні аператыўна-следчых дзеянняў і іншых. Паводле ацэнкі адказнага сакратара асамблеі, да 85 працэнтаў распрацаваных ПА АДКБ актаў імплементуюцца ў нацыянальнае заканадаўства. Ён аднёс да важных напрамкаў работы ПА АДКБ назіранне за выбарамі ў дзяржавах-удзельніцах, а таксама дзейнасць у рамках міжнародных парламенцкіх структур", - адзначылі ў пасольстве.
"Дзмітрый Крутой і Сяргей Паспелаў таксама закранулі пытанне аб ролі парламенцкай дыпламатыі ў міратворчасці і ўрэгуляванні канфліктаў у зоне адказнасці АДКБ", - дадалі ў прэс-службе.-0-