Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
02 сакавіка 2022, 19:12

Краіны СНД пашыраць вектары антытэрарыстычнага супрацоўніцтва

2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нарада кіраўнікоў (начальнікаў штабоў) нацыянальных антытэрарыстычных цэнтраў дзяржаў - удзельніц СНД адбылася сёння ў рэжыме відэа-канферэнц-сувязі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Выканкама СНД.

У нарадзе прыняў удзел намеснік старшыні Выканаўчага камітэта - выканаўчага сакратара СНД Бекетжан Жумаханаў. У сваім дакладзе ён адзначыў, што ў Садружнасці ўзаемадзеянне ў сферы забеспячэння бяспекі і стабільнасці заўсёды было і застаецца адным з важнейшых прыярытэтаў. Так, абноўленая Канцэпцыя далейшага развіцця СНД адназначна пацвярджае, што процідзеянне новым выклікам і пагрозам стаіць на першым плане ў дзейнасці СНД, яе галіновых органаў і нацыянальных службаў бяспекі.

У 2021 годзе быў падпісаны Дагавор аб процідзеянні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаванню тэрарызму і фінансаванню распаўсюджвання зброі масавага знішчэння, створана першая базавая арганізацыя краін СНД па даследаванні праблем процідзеяння тэрарызму і іншым праявам экстрэмізму, прадаўжалася рэалізацыя адпаведнай Праграмы супрацоўніцтва. Асноўныя акцэнты антытэрарыстычных мерапрыемстваў былі сканцэнтраваны на абмене папераджальнай інфармацыяй і правядзенні ўзгодненых аператыўна-прафілактычных і спецыяльных мерапрыемстваў, нарматыўным рэгуляванні сумеснай дзейнасці, на інфармацыйна-аналітычнай і навукова-даследчай рабоце.

"Нягледзячы на пандэмію новай каранавіруснай інфекцыі і звязаныя з ёю абмежаванні, праведзены ўсе запланаваныя кансультатыўныя, дарадчыя і навучальныя мерапрыемствы праграмы", - сказаў Бекетжан Жумаханаў. Цяпер, паводле яго слоў, вядзецца работа над аналагічнай праграмай, якая будзе разлічана на 2023-2025 гады.

"Трывожныя падзеі, якія адбываліся ў Беларусі і ў некаторых гарадах Расіі ў 2020 і 2021 гадах, масавыя беспарадкі ў Казахстане, якія ўспыхнулі ў пачатку гэтага года, прымушаюць крыху інакш ацэньваць механізмы дзеянняў экстрэмісцкага характару як з прававога, так і з арганізацыйнага пункту гледжання. Не засталося ніякіх сумненняў, што ўсе гэтыя дзеянні маюць выяўленую сацыяльна-палітычную падаплёку і фактычна з'яўляюцца спробамі арганізацыі і правядзення так званых каляровых рэвалюцый, накіраваных на аслабленне альбо звяржэнне легітымных улад", - заявіў намеснік старшыні.

На яго думку, "казахстанскі крызіс" наглядна прадэманстраваў, наколькі тонкія грані паміж сацыяльнымі ўзрушэннямі, экстрэмізмам і тэрарызмам. Пагрозы тэрарыстычнага характару, якія даўно вядомы і якім мы процістаім на пастаяннай аснове, хутка матэрыялізуюцца ў момант дэзарганізацыі органаў улады і аслаблення з іх боку кантролю над абстаноўкай. Немалаважна ўлічваць, што нашы заходнія апаненты, вырашаючы геапалітычныя задачы, рэалізуюць сцэнарыі дэстабілізацыі сітуацыі на постсавецкай прасторы, умела выкарыстоўваючы ў гэтых мэтах эканамічныя цяжкасці і сацыяльныя праблемы, у тым ліку "вузкія" месцы ў сістэме забеспячэння бяспекі.

У сувязі з гэтым Выканкам СНД падтрымлівае ініцыятыву распрацоўшчыкаў актуалізаваць акцэнты будучай праграмы, пашырыўшы вектары антытэрарыстычных мерапрыемстваў у напрамках, якія прадугледжваюць прафілактыку і папярэджанне рэлігійнага і палітычнага экстрэмізму і радыкалізму як ідэалагічнай базы тэрарызму, процідзеянне ўключэнню ў тэрарыстычную дзейнасць асоб, якія пражываюць на тэрыторыях дзяржаў СНД, рэабілітацыю і рэінтэграцыю асоб, вернутых з зон узброеных канфліктаў, арганізацыю контрпрапагандысцкай работы, а таксама адэкватнага рэагавання на тэхналагічную мадэрнізацыю тэрарыстычных пагроз.

Бекетжан Жумаханаў адзначыў, што штогадовыя нарады кіраўнікоў антытэрарыстычных цэнтраў адыгрываюць важную ролю ў пабудове і ўдасканаленні мадэлей антыэкстрэмісцкага і контртэрарыстычнага ўзаемадзеяння на аглядную перспектыву.

"Вашы меркаванні, ацэнкі і прапановы па сумесным папярэджанні і пераадоленні выклікаў і пагроз набываюць асаблівую значнасць менавіта цяпер - у перыяд глабальных геапалітычных разломаў, якія закранаюць нацыянальныя інтарэсы дзяржаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Думаю, што вынікі мерапрыемства дапамогуць знайсці свежыя рашэнні і выпрацаваць дадатковыя шляхі ўдасканалення ўзаемадзеяння ў інтарэсах забеспячэння абароны Садружнасці ад тэрарыстычных пагроз", - заявіў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі