ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 10 жніўня 2022
Мінск Ясна +15°C
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
17 лютага 2022, 10:45

Краіны СНД гатовы садзейнічаць у дасягненні мэт казахстанскага старшынства ў 2022 годзе

Фота прэс-службы Выканкама СНД
Фота прэс-службы Выканкама СНД

17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржавы - удзельніцы Садружнасці Незалежных Дзяржаў гатовы аказваць усялякае садзейнічанне ў дасягненні мэт казахстанскага старшынства ў СНД. Аб гэтым гаварылася на кансультацыях паміж міністэрствамі замежных спраў, прысвечаных узаемадзеянню ў рамках СНД у 2022 годзе, якія прайшлі 16 лютага ў Мінску, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Выканкама СНД.

У кансультацыях удзельнічалі прадстаўнікі Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Выканаўчага камітэта Садружнасці. Удзельнікі абмеркавалі перспектывы пашырэння знешнепалітычнага, эканамічнага, гуманітарнага ўзаемадзеяння, супрацоўніцтва ў сферах бяспекі і процідзеяння новым выклікам і пагрозам.

Прадстаўнікі знешнепалітычных ведамстваў адзначылі эфектыўнасць старшынства Беларусі ў СНД у 2021 годзе і выказалі ўпэўненасць у паспяховым ажыццяўленні Казахстанам старшынскіх функцый у бягучым годзе. На пасяджэнні быў пацверджаны настрой на паслядоўнае развіццё супрацоўніцтва ў фармаце СНД, узмацненне каардынацыі пазіцый і пашырэнне практыкі падтрымкі ініцыятыў краін СНД на міжнароднай арэне, падрыхтоўку сумесных заяў па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня і забеспячэнне далейшага дынамічнага развіцця Садружнасці.

Удзельнікі кансультацый падкрэслілі, што эканамічнае ўзаемадзеянне з'яўляецца ключавым фактарам далейшага паглыблення эканамічнай інтэграцыі і ўстойлівага развіцця дзяржаў СНД, і адзначылі важнасць прадаўжэння работы па спалучэнні СНД з ЕАЭС, АДКБ, ШАС.

Была падкрэслена важнае значэнне гуманітарнага супрацоўніцтва, якое традыцыйна застаецца адным з найбольш эфектыўных сродкаў умацавання даверу і ўзаемаразумення паміж дзяржавамі Садружнасці. Партнёры прызналі значнасць прадаўжэння сумеснай работы па рэалізацыі міждзяржаўнай праграмы "Культурныя сталіцы Садружнасці", правядзення тэматычных гадоў у СНД, арганізацыі форумаў творчай і навуковай інтэлігенцыі, моладзі і іншых.

Удзельнікі кансультацый адзначылі важнасць прадаўжэння работы па пытанні аб узаемным прызнанні пашпартоў вакцынацыі ад каранавіруса, што будзе садзейнічаць стварэнню спрыяльных умоў для свабоднага перамяшчэння грамадзян краін СНД. На сустрэчы адзначана наяўнасць выклікаў і пагроз, якія ўплываюць на сітуацыю з бяспекай на прасторы Садружнасці. З улікам цяперашняй сітуацыі ў Афганістане бакі дамовіліся прадоўжыць кансультацыі па лініі знешнепалітычных ведамстваў па праблематыцы бяспекі.

Пацверджана важнае значэнне работы місіі наглядальнікаў ад СНД на прэзідэнцкіх, парламенцкіх выбарах і рэферэндумах у дзяржавах СНД.

Прадстаўнікі знешнепалітычных ведамстваў таксама адзначылі важнасць хутчэйшага завяршэння работы па падпісанні праекта пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі, запуску дзейнасці Камісіі па правах чалавека СНД і фарміравання механізма рэгулярных сустрэч упаўнаважаных па правах дзіцяці дзяржаў СНД.

Акрамя таго, на пасяджэнні былі падведзены вынікі рэалізацыі ў 2021 годзе плана шматузроўневых кансультацый паміж міністэрствамі замежных спрў і праграмы дзеянняў па актывізацыі партнёрства паміж знешнепалітычнымі ведамствамі, разгледжаны шэраг іншых пытанняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі