
15 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік па запрашэнні міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова 15-17 мая наведае Маскву з афіцыйным візітам, паведамілі БЕЛТА ў МЗС РФ.
"У рамках перагавораў міністраў замежных спраў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь будзе разгледжана шырокае кола актуальных пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва і міжнароднага парадку дня. Бакі абмяркуюць практычныя аспекты расійска-беларускага ўзаемадзеяння паміж міністэрствамі замежных спраў, у тым ліку падрыхтоўку сумеснага пасяджэння калегій МЗС Расіі і МЗС Беларусі, што пройдзе ў чацвёртым квартале бягучага года ў Маскве. Будзе праведзены агляд ходу выканання праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў - удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2022-2023 гады і плана кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў на 2023 год", - сказалі ў МЗС РФ.
Асаблівая ўвага будзе ўдзелена рабоце па дыпламатычным суправаджэнні інтэграцыйных працэсаў у Саюзнай дзяржаве, міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ў СНД, супрацоўніцтва ў выкананні праграм старшынства ў 2023 годзе Беларусі ў АДКБ і Расіі ў ЕАЭС.
Запланаваны абмен думкамі па далейшых кроках, нацэленых на нарошчванне каардынацыі ў ААН і на іншых міжнародных пляцоўках, а таксама на азіяцкім, афрыканскім і лацінаамерыканскім напрамках. Міністры звераць гадзіннікі па праблематыцы міжнароднай і еўрапейскай бяспекі, у тым ліку ў біялагічнай, ядзернай і інфармацыйнай сферах.
Праграмай візіту таксама прадугледжаны сустрэчы кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі з кіраўнікамі абедзвюх палат расійскага парламента - старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка і старшынёй Дзярждумы Вячаславам Валодзіным.
У МЗС РФ адзначылі, што знешнепалітычнае ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Расіяй мае сістэмны характар: Сяргей Алейнік і Сяргей Лаўроў сустракаліся 19 снежня 2022 года і 18-19 студзеня 2023 года ў Мінску, а таксама 14 красавіка 2023 года на палях пасяджэння Савета міністраў замежных спраў дзяржаў - удзельніц СНД.
"Нашы краіны выступаюць з адзіных або блізкіх пазіцый практычна па ўсіх міжнародных праблемах, цесна супрацоўнічаюць у АДКБ, ЕАЭС, СНД, ААН, АБСЕ і іншых міжнародных і рэгіянальных арганізацыях, сумесна развіваюць важныя для абедзвюх краін ініцыятывы. Для зверкі гадзіннікаў па актуальных напрамках супрацоўніцтва пачынаючы з 2000 года праводзяцца штогадовыя сумесныя пасяджэнні калегій МЗС Беларусі і МЗС Расіі і кансультацымі паміж міністэрствамі замежных спраў на ўзроўні намеснікаў міністраў і кіраўнікоў профільных дэпартаментаў, якія з'яўляюцца дзейснымі механізмамі сінхранізацыі намаганняў дзвюх дзяржаў на сусветнай арэне", - дадалі ў расійскім знешнепалітычным ведамстве.-0-