Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
22 лістапада 2019, 18:15

Кіраўнікі дзяржаў АДКБ сустрэнуцца 28 лістапада ў Бішкеку

22 лістапада, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Сесія Савета калектыўнай бяспекі (СКБ) Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы з удзелам кіраўнікоў дзяржаў АДКБ пройдзе 28 лістапада ў Бішкеку, паведаміў БЕЛТА прэс-сакратар АДКБ Уладзімір Зайнетдзінаў.

"Шэраг пытанняў, у прыватнасці, міжнародную і рэгіянальную бяспеку, сітуацыю ў зоне адказнасці АДКБ, члены Савета калектыўнай бяспекі абмяркуюць у вузкім складзе, - адзначыў прэс-сакратар. - Пленарнае пасяджэнне СКБ адбудзецца з удзелам міністраў замежных спраў, міністраў абароны і сакратароў саветаў бяспекі дзяржаў - членаў АДКБ".

На 27 лістапада запланавана сумеснае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны і Камітэта сакратароў саветаў бяспекі АДКБ, на якім плануецца абмеркаваць каля 20 пытанняў - большасць з іх потым будзе вынесена на сесію Савета калектыўнай бяспекі.

"Плануецца прыняцце заявы Савета калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы аб удасканаленні ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва для ўмацавання міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, - праінфармаваў прэс-сакратар. - З інфармацыяй аб рэалізацыі рашэнняў папярэдняй сесіі Савета калектыўнай бяспекі і статутных органаў АДКБ у міжсесіённы перыяд таксама выступіць выконваючы абавязкі генсакратара арганізацыі Валерый Семерыкоў".

Як чакаецца, будзе падпісаны план калектыўных дзеянняў дзяржаў - членаў АДКБ па рэалізацыі Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі ААН на 2019-2021 гады, які прадугледжвае цеснае ўзаемадзеянне ва ўдасканаленні ўсёй сістэмы процідзеяння тэрарыстычным выклікам і пагрозам. "Ён быў распрацаваны, зыходзячы з прынцыповай пазіцыі АДКБ па фарміраванні шырокай міжнароднай антытэрарыстычнай кааліцыі, - растлумачыў Уладзімір Зайнетдзінаў. - Дакумент узгоднены на майскіх пасяджэннях у Бішкеку і выносіцца на разгляд СКБ".

У парадак дня Савета калектыўнай бяспекі ўключаны таксама праект СКБ АДКБ аб пераліку дадатковых мер, накіраваных на зніжэнне напружанасці ў таджыкска-афганскім прыграніччы. "Плануецца таксама прыняцце рашэнняў СКБ, якія датычацца ўнясення змяненняў у нарматыўныя прававыя акты АДКБ, у палажэнне аб Савеце калектыўнай бяспекі арганізацыі, а таксама ў правілы працэдуры органаў АДКБ, - праінфармаваў прэс-сакратар. - На разгляд будуць вынесены пытанні далейшага ўдасканалення ваеннага складніка арганізацыі, у прыватнасці, праект палажэння аб парадку падрыхтоўкі і правядзення сумесных вучэнняў у фармаце АДКБ. Будзе разгледжаны і вынесены на падпісанне праект рашэння Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, які прадугледжвае ўнясенне змяненняў у палажэнне аб аперацыі пастаяннага дзеяння дзяржаў - членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы па процідзеянні злачынствам у сферы інфармацыйных тэхналогій (аперацыя "ПРОКСІ")".

Акрамя таго, плануецца зацвердзіць план мерапрыемстваў па святкаванні 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, разгледзець бюджэт АДКБ на 2020 год.

"З улікам старшынства Расійскай Федэрацыі ў АДКБ у 2019-2020 гадах чакаецца, што Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін аб'явіць прыярытэты Расіі ў наступным міжсесіённым перыядзе", - дадаў прэс-сакратар.

Усяго ў парадак дня пасяджэння Савета калектыўнай бяспекі АДКБ уключана 17 пытанняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі