
19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Нікарагуа на сустрэчы ў Мінску з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам перадаў беларускаму лідару вялікае прывітанне ад Прэзідэнта сваёй краіны Даніэля Артэгі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вялікае прывітанне ад камандантэ Даніэля Артэгі, брацкае прывітанне, самыя найлепшыя пажаданні", - сказаў міністр. Ён таксама перадаў прывітанне і самыя цёплыя пажаданні ад віцэ-прэзідэнта Расарыі Мурылья.
Міністр падкрэсліў важнасць гэтай сустрэчы: "Вялікі дзякуй, спадар Прэзідэнт, сябар, таварыш, блізкі нам чалавек. Уся наша дэлегацыя вітае вас з усёй цеплынёй, з усёй добразычлівасцю".
Кіраўнік МЗС Нікарагуа 19-20 мая знаходзіцца ў Мінску з рабочым візітам.
Як паведамлялася БЕЛТА, Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы прапанаваў значна паглыбіць двухбаковае супрацоўніцтва. "Для таго каб мець такія добрыя, цесныя адносіны, у нас сёння ёсць усё. І нават легендарны кіраўнік Нікарагуа, якога мы ўсе любім і паважаем у Беларусі. Я папрашу перадаць самыя цёплыя словы Даніэлю Артэгу ад імя беларускага народа, ад мяне асабіста. Мы ўражаны яго палітычнай дзейнасцю", - сказаў Прэзідэнт.
Ён запэўніў, што ўсё, у чым мае патрэбу Нікарагуа, у Беларусі ёсць, і нават з лішкам. "Нам трэба наладзіць нашы адносіны такім чынам, каб стварыць дагаворна-прававую базу пад нашы будучыя адносіны ў эканоміцы. Гэта справа часу. Думаю, калі мы зоймемся гэтай справай, то на працягу года мы не проста створым гэту нарматыўна-прававую базу, але і пачнём глыбокія эканамічныя адносіны паміж нашымі краінамі. Мы да гэтага гатовы", - упэўнены беларускі лідар.
Беларусь і Нікарагуа актыўна супрацоўнічаюць у рамках міжнародных арганізацый. Гандлёвыя адносіны пакуль маюць параўнальна невялікія аб'ёмы. Іх аснову складаюць пастаўкі прадукцыі з Беларусі. Дагаворна-прававая база знаходзіцца ў стадыі фарміравання. Вядзецца работа над узгадненнем праектаў шэрага ключавых пагадненняў, якія сфарміруюць аснову для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.-0-