Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
09 красавіка 2021, 15:23

Кіраўнік Мінюста расказаў аб магчымых змяненнях у заканадаўстве аб палітычных партыях

9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы расказаў журналістам аб плануемых навацыях у заканадаўстве аб палітычных партыях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік Мінюста нагадаў, што работа над законапраектам вядзецца ўжо каля двух гадоў. Распрацоўка гэтага дакумента была прадугледжана яшчэ планам законапраектнай дзейнасці на 2019 год.

"Сёння кіраўніку дзяржавы былі прадстаўлены некаторыя падыходы па карэкціроўцы заканадаўства. Абмяркоўвалася пашырэнне значнасці палітычных партый з улікам іх членства ў рэгіёнах. Прапануецца разгледзець пытанне аб тым, каб партыі былі больш прадстаўлены ў рэгіёнах. Разглядаецца і пытанне наконт мінімальнай колькасці палітычных партый. Не выключана, што парог, які сёння існуе ў тысячу членаў партыі, будзе павялічаны", - расказаў Алег Сліжэўскі.

Законапраект таксама прапануецца дапоўніць нормамі, накіраванымі на павышэнне празрыстасці ў дзейнасці партый. Магчыма, партыі абавяжуць штогод даваць справаздачу перад сваімі членамі аб сваёй дзейнасці, расходаванні сродкаў. Такі абавязак сёння ўскладзены на грамадскія аб'яднанні. "Прадугледжваецца таксама абмежаванне фінансавання палітычных партый ад адной арганізацыі альбо ад аднаго грамадзяніна - не больш за адну тысячу базавых велічынь у год", - адзначыў міністр. Дакументам таксама прапануецца ўвесці перыядычнасць унутрыпартыйных выбараў - не радзей як раз у чатыры гады.

Акрамя таго, звярнуў увагу Алег Сліжэўскі, як паказвае практыка, не ўсе палітычныя партыі вылучаюць сваіх прадстаўнікоў у органы ўлады, а між тым удзел у выбарах - іх галоўнае прызначэнне. "Прапануецца замацаваць у праекце закона норму аб тым, што няўдзел палітычнай партыі ў вылучэнні кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на працягу двух выбарчых кампаній запар можа стаць падставай для ліквідацыі палітычнай партыі", - дадаў кіраўнік Мінюста.

Пры гэтым ён падкрэсліў: размова ідзе не аб узмацненні заканадаўства. Прапануемыя навацыі накіраваны на тое, каб стымуляваць палітычныя партыі да актывізацыі сваёй дзейнасці. "Гэты працэс пакуль яшчэ ў стадыі распрацоўкі падыходаў, але ўжо сёння партыям неабходна задумацца над тым, каб быць гатовымі да выканання патрабаванняў заканадаўства тады, калі гэтыя нормы будуць рэалізаваны ў канкрэтным законе, - папярэдзіў міністр. - Неабходна думаць аб павелічэнні колькасці партый і стварэнні арганізацыйных структур у рэгіёнах, каб потым прыняцце закона не стала нечаканасцю".

Паводле слоў Алега Сліжэўскага, канкрэтныя тэрміны па падрыхтоўцы законапраекта не ўстаноўлены. Фарсіравання тут быць не павінна, але ў той жа час распрацоўшчыкі арыентаваны на інтэнсіўную дзейнасць. Усе пытанні павінны быць прапрацаваны з шырокім колам зацікаўленых асоб. "Гэта павінны быць узважаныя падыходы, якія ў канчатковым выніку прывядуць да партыйнага будаўніцтва, што адпавядае сённяшнім патрэбнасцям беларускага грамадства", - падагульніў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі