
27 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня ЦВК Ігар Карпенка расказаў журналістам аб запрашэнні замежных наглядальнікаў на адзіны дзень галасавання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта пытанне прапрацоўваецца тымі суб'ектамі, хто можа запрашаць замежных наглядальнікаў. А акрамя ЦВК такім правам валодаюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, абедзве палаты парламента, Савет Міністраў і МЗС. Але пакуль гаварыць аб запрашэнні, прынамсі афіцыйным, рана, таму што трэба дачакацца выхаду ўказа кіраўніка дзяржавы, які мы чакаем у сярэдзіне лістапада, які абазначыць пачатак выбарчай кампаніі. І з моманту з'яўлення ўказа пачнецца вылучэнне ў склады камісій - тэрытарыяльных, акруговых, участковых, пачнецца збор подпісаў, рэгістрацыя груп, вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты", - адзначыў Ігар Карпенка.
"Але магу сказаць, што на пасяджэнні Кансультацыйнага савета, які праходзіў ва Узбекістане ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў у гэтай краіне, за якімі мы назіралі ў складзе місіі наглядальнікаў ад СНД, я запрасіў сваіх калег - старшынь ЦВК краін СНД, якія ўваходзяць у Кансультацыйны савет выбарчых органаў краін СНД, - прыехаць і прыняць удзел у назіранні за адзіным днём галасавання", - дапоўніў кіраўнік ЦВК.-0-