Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
25 лістапада 2021, 19:23

Качанава: толькі зладжанай работай усіх дзяржаў і структур СНД можна дасягнуць пастаўленых мэт

25 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Толькі зладжанай работай усіх дзяржаў і структур СНД можна дасягнуць пастаўленых мэт, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, член Савета Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў Наталля Качанава ў час пасяджэння Савета МПА СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У парадку дня пасяджэння - 23 пытанні. Наталля Качанава праінфармавала членаў савета аб ходзе рэалізацыі старшынства Беларусі ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў у 2021 годзе. У выступленні адзначаны ключавыя мерапрыемствы вышэйшага і высокага ўзроўняў, галіновыя мерапрыемствы, праведзеныя ў рамках старшынства, прынятыя рашэнні і дасягнутыя дамоўленасці.

Асаблівы акцэнт зроблены на неабходнасці падтрымкі партнёраў па Садружнасці, адстойванні прынцыповай пазіцыі і агульных падыходаў ва ўмовах знешняга націску, нядобрасумленнай канкурэнцыі, прадузятых адносін, эканамічных і палітычных абмежаванняў.

"Наша работа, на жаль, праходзіць у максімальна неспрыяльных знешніх умовах. Так, Беларусь сутыкнулася з беспрэцэдэнтным палітычным і эканамічным націскам, нахабным і цынічным умяшаннем знешніх сіл у справы суверэннай дзяржавы. Спробы дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі не спыняюцца, становяцца ўсё больш дзёрзкімі і вынаходлівымі. "Радыкалізацыя нарастае - ад правакацыі з самалётам да эскалацыі міграцыйнага крызісу на граніцы. Разгорнута маштабная інтэнсіўная гібрыдная вайна, якая сёння пагражае бяспецы ўсяго рэгіёна. І можа, калі не прыняць адпаведных мер, перарасці ў гарачую форму процістаяння. У такой сітуацыі вельмі важна атрымліваць падтрымку сяброў і партнёраў, дэманстраваць прынцыповасць, адстойваць агульныя падыходы ў Садружнасці", - адзначыла Наталля Качанава.

Паводле яе слоў, далейшае ўмацаванне СНД, пашырэнне нашага ўзаемадзеяння ва ўсіх магчымых фарматах, выступленне з адзіных пазіцый і ўзаемная падтрымка на міжнародных пляцоўках дапамогуць справіцца з рызыкамі і пагрозамі нацыянальнай, рэгіянальнай і міжнароднай бяспецы. "Толькі сумеснай, зладжанай работай усіх дзяржаў і структур СНД можна дасягнуць пастаўленых мэт", - падкрэсліла спікер.

У рамках пасяджэння абмеркаваны пытанні міжнароднага назірання за выбарамі і рэферэндумамі ў асобных дзяржавах СНД. Зацверджаны старшыні пастаянных камісій, намечаны план работы асамблеі на 2022 год.

Члены савета падвялі вынікі праведзеных у 2021 годзе мерапрыемстваў: дзявятага Неўскага міжнароднага экалагічнага кангрэса, трэцяга Еўразійскага жаночага форуму, шостага міжнароднага культурна-адукацыйнага форуму дзяржаў СНД "Дзеці Садружнасці".

Абмеркаваны ход падрыхтоўкі да Сусветнай канферэнцыі па міжкультурным і міжрэлігійным дыялогу. Мерапрыемства арганізуецца Міжпарламенцкім саюзам у супрацоўніцтве з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый і пройдзе ў маі 2022 года ў Санкт-Пецярбургу з удзелам кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, кіраўнікоў парламентаў і рэлігійных дзеячаў, а таксама прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і моладзі.

У 2022 годзе МПА СНД адзначае сваё 30-годдзе. У сувязі з гэтым саветам заснаваны юбілейны медаль "МПА СНД. 30 гадоў" і памятны знак "МПА СНД. 30 гадоў".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі