27 кастрычніка, Люксембург /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. У Люксембургу адбылася сустрэча прэм'ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова і прэм'ер-міністра Люксембурга Ксаўе Бетэля, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Бакі абмеркавалі шырокі спектр двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама перспектывы развіцця адносін паміж Беларуссю і Люксембургам.
Ксаўе Бетэль адзначыў, што дыпламатычным адносінам Беларусі і Люксембурга 25 гадоў, а правядзенне інвестыцыйнага форуму знамянуе новы этап супрацоўніцтва. Ён канстатаваў істотны інтарэс да мерапрыемства з боку люксембургскага бізнесу. Паводле яго слоў, вынікі форуму дадуць уяўленне аб тым, у якіх канкрэтна галінах і сферах інвестары з Люксембурга могуць працаваць у Беларусі.
У сваю чаргу Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што выбар Люксембурга для правядзення форуму не выпадковы - краіна з'яўляецца адным з буйнейшых фінансавых цэнтраў свету. Ён канстатаваў, што існуючы ўзровень тавараабароту паміж Беларуссю і Люксембургам не адпавядае патэнцыялу ўзаемаадносін. Кіраўнік беларускага ўрада запрасіў Ксаўе Бетэля наведаць Беларусь з візітам разам з эканамічным блокам урада і прадстаўнікамі бізнесу.
Таксама Ксаўе Бетэль адзначыў, што ў высокай ступені гатоўнасці знаходзіцца пагадненне аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання, цяпер дакумент разглядаецца Міністэрствам фінансаў. Яго прыняцце запланавана на бліжэйшы час. Паводле слоў прэм'ер-міністра Люксембурга, дакумент стане сур'ёзным крокам для таго, каб інвестары з Люксембурга разглядалі варыянты прыходу ў Беларусь.
"Гэта павінен быць першы і сур'ёзны крок. Мы гатовы і да іншых пагадненняў і наогул да супрацоўніцтва па шырокім спектры пытанняў", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў.
Таксама 26 кастрычніка кіраўнік беларускага ўрада наведаў Еўрапейскую спадарожнікавую асацыяцыю і лагістычны цэнтр "Каргацэнтр".
27 кастрычніка Андрэй Кабякоў прыме ўдзел у Беларуска-еўрапейскім інвестыцыйным форуме, мэтай якога з'яўляецца стварэнне эфектыўнай і арыентаванай на вынік рознаўзроўневай пляцоўкі для наладжвання ўстойлівага ўзаемадзеяння беларускіх крэдытна-фінансавых устаноў і суб'ектаў гаспадарання з еўрапейскімі партнёрамі і пашырэння моцных, шмат у чым унікальных бакоў беларускай эканомікі (IT, лагістыка) сярод заходніх дзелавых колаў.-0-
Фота Аксаны Манчук