Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
21 мая 2021, 15:38

Ярмошына: выбары сталі падставай для непрыкрытага міжнароднага ўмяшання ў справы дзяржавы

21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выбары сталі падставай для непрыкрытага міжнароднага ўмяшання ў справы дзяржавы, заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына на міжнароднай канферэнцыі "Процідзеянне знешнім выклікам і пагрозам: парламенцкае вымярэнне Саюзнай дзяржавы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Падзеі палітычнага жыцця апошніх двух дзесяцігоддзяў паказваюць, што ніводная з дзяржаў, дзе няма поўнай манаполіі на ўладу, не свабодна ад пагроз дзяржаўных пераваротаў. Пры гэтым пры рознасці нацыянальных менталітэтаў, рэлігій, узроўню жыцця і адукацыі існуюць агульныя рысы, якія дазваляюць меркаваць аб наяўнасці агульнага сцэнарыя мяцяжоў, аднак напаўняльнага канкрэтыкай у кожным асобным выпадку. З улікам таго, што мяцяжы ўсё часцей сталі праходзіць як наступства галоўных выбарчых кампаній, можна прыйсці да высновы, што выбары перасталі з'яўляцца ўнутранай справай саміх дзяржаў, а сталі падставай для непрыкрытага міжнароднага ўмяшання ў справы дзяржавы", - сказала Лідзія Ярмошына.

Паводле яе слоў, зыходзячы з апошніх падзей, прасочваецца і іншая трывожная тэндэнцыя. "А менавіта выбары перасталі служыць мэце ўсталявання народнай згоды, а ўсё часцей служаць процілеглай мэце, накіраванай на раскол грамадства і дзяржавы. Іншыя сцвярджэнні, як правіла, ад партый апанентаў галоўнай палітычнай сілы аб тым, што калі выбары будуць сумленнымі, то і мяцяжоў не будзе, поўнасцю абвяргаюцца паслявыбарнымі падзеямі не толькі ў Беларусі, але і ў Грузіі, Кыргызстане і нават у ЗША. А гэта ж толькі апошнія выбарчыя кампаніі, - адзначыла старшыня ЦВК. - Па віне інтэрнэт-рэсурсаў адбылося не толькі падзенне маральных арыенціраў, ажыццяўляецца поўная перабудова свядомасці даволі адукаваных людзей".

Лідзія Ярмошына акцэнтавала ўвагу на трывожным факце. "Аб'ектам духоўнай дэгенерацыі з'яўляецца не толькі сучаснае пакаленне выбаршчыкаў, але і будучае - гэта значыць дзеці. Дастаткова ўспомніць удзел дзяцей і падлеткаў у незаконных масавых акцыях, або рэзананснае відэа аб тым, як 11-гадовы падлетак у Віцебску плюе на брацкую магілу. Толькі ўзмацненнем патрыятычнага выхавання ў навучальных установах і афіцыйных СМІ сітуацыю выправіць немагчыма, на мой погляд. Павінны быць прыняты меры, каб немагчымым стаў для ўспрымання іншы пункт гледжання, акрамя патрыятычнага. У адваротным выпадку ў нас сумніўная будучыня, калі яна ёсць наогул", - заявіла яна.

Старшыня ЦВК дадала, што ў сувязі з будучымі выбарчымі кампаніямі ў Беларусі і Расіі сацыяльная і палітычная стабільнасць у Саюзнай дзяржаве знаходзіцца пад пагрозай. "Перад намі стаіць звышскладаная задача па выпрацоўцы спосабаў арганізацыі выбарчых працэсаў такім чынам, каб яны не змаглі трансфармавацца ў выбуховую хвалю, здольную абрушыць наш агульны дом", - канстатавала яна.

Міжнародная канферэнцыя "Процідзеянне знешнім выклікам і пагрозам: парламенцкае вымярэнне Саюзнай дзяржавы" праходзіць у камбінаваным фармаце (анлайн і афлайн) з падключэннем студый у Маскве і Мінску, а таксама ў іншых гарадах СНД. Да ўдзелу запрошаны дэпутаты Парламенцкага сходу, члены палат парламентаў Беларусі і Расіі, прадстаўнікі міжнародных арганізацый, міністэрстваў і ведамстваў, вышэйшых навучальных устаноў і навукова-даследчых інстытутаў Беларусі і Расіі, а таксама вядучыя эксперты ў галіне права і паліталогіі.

Канферэнцыя ўключае пленарнае пасяджэнне і работу трох секцый: "Процідзеянне знешнім выклікам і пагрозам. Захаванне правоў і свабод грамадзян у Саюзнай дзяржаве і замежных краінах", "Выбарчае заканадаўства і практыка яго прымянення ў Рэспубліцы Беларусь, Расійскай Федэрацыі і замежных краінах", "Захаванне гістарычнай памяці, процідзеянне спробам гераізацыі нацызму і перагляду вынікаў Вялікай Айчыннай вайны".

Мерапрыемства праводзіцца ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніцтва Парламенцкага сходу, дадзеным у ходзе 59-й сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі