Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
09 жніўня 2020, 15:15

Ярмошына: апытанні, навязаныя выбаршчыкам праз Telegram-каналы, - гэта фальшыўка

9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Апытанні, навязаныя выбаршчыкам праз Telegram-каналы, - гэта фальшыўка. Такое меркаванне выказала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына сёння ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Еxit poll праводзіцца толькі ў дзень выбараў, гэта значыць сёння, так склалася і прынята. Таму ўсё тое, што навязваюць выбаршчыкам як апытанні, - гэта звычайная фальшыўка. Гэта зрабілі пэўныя палітычныя сілы і запусцілі праз Telegram-каналы. Спрабавалі наглядальнікі на ўчастках весці апытанні, гэта было ў перыяд датэрміновага галасавання. Але выбаршчыкі адмаўляліся і скардзіліся потым нам. Усе апытанні наглядальнікаў незаконныя. А ўжо тым больш перад прыходам на выбарчы ўчастак. Сённяшні еxit poll, напэўна, нядрэнны, прынамсі, ён дасць магчымасць вызначыць волевыяўленне грамадзян яшчэ да таго, як закончыцца падлік галасоў", - сказала Лідзія Ярмошына.

Што датычыцца ходу галасавання, то на некаторых выбарчых участках ужо назіраюцца чэргі жадаючых прагаласаваць. "Мне вельмі няёмка, што выбаршчыкі стаяць у чэргах, - прызналася кіраўнік ЦВК. - Гарачыня - гэта не лепшы перыяд. Плюс прапускны рэжым (прапускаюць па колькасці членаў камісій, якія выдаюць бюлетэні). Прашу паставіцца з разуменнем. Трэба было скарыстацца парадай старшыні ЦВК, я прасіла прагаласаваць датэрмінова. Старшыня ЦВК дрэннага не параіць".

Мяркуючы па першых выніках, самымі актыўнымі традыцыйна сталі выбаршчыкі Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей. На думку Лідзіі Ярмошынай, гэта вынік работы ўлад, якія стымулявалі датэрміновае галасаванне. "Напрыклад, у Гомельскай вобласці ў Палацы культуры Рэчыцкага раёна было аб'яўлена, што тыя, хто датэрмінова прагаласуе, атрымаюць бясплатную гадзіну на батуце. Можа, гэта спрацавала. Тут нічога такога няма, гэта не подкуп выбаршчыкаў. Подкуп - гэта калі падкупляюць за голас па канкрэтнай кандыдатуры. У дадзеным выпадку гэта ўсяго толькі прыцягненне выбаршчыкаў на ўчасткі. Дарэчы, сталіца ніколі не рвецца на выбары. Хтосьці толькі прачынаецца, частка знаходзіцца на дачы", - адзначыла яна.

Ёсць ужо інфармацыя па скаргах наглядальнікаў на ўчастках. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці зарэгістраваны 4 звароты, 2 з іх наогул не датычацца выбараў. У Гомельскай - 16 скаргаў, па некаторых наглядальнікі спрачаюцца і канфліктуюць з камісіяй. "Бывае, канфліктуюць падрыхтавана: трымаюць два тэлефоны, на адным аўдыя-, на другім відэазапіс. І чытаюць пытанні і заўвагі па інструкцыі. Гэта ўжо работа наёмная і аплачваемая. Я цяпер маю на ўвазе альтэрнатыўных наглядальнікаў, якія настроены на тое, каб дыскрэдытаваць выбары. Адразу хачу сказаць, што весці аўдыя- і відэазапіс можна толькі са згоды чалавека, якога ты здымаеш. Калі старшыня камісіі гэтага не хоча, то наглядальнік будзе пазбаўлены акрэдытацыі. Напэўна, яны гэтага і дабіваюцца. Вядома, бывае і выбарчыя камісіі часам памыляюцца. Я не магу сказаць, што яны заўсёды маюць рацыю - гэта жывыя людзі", - расказала Лідзія Ярмошына.

Дарэчы, на некаторых участках выбары ўжо завяршыліся. Размова аб закрытых участках, арганізаваных у бальніцах. "Мы з хваляваннем чакаем паведамлення з нашых закрытых участкаў. Некаторыя ўжо званілі: там, дзе не прымацаваны кавідныя хворыя, гэта значыць нікога не трэба аб'язджаць, палічылі ўжо і гатовы прадаставіць інфармацыю. Галасаванне ў бальніцах з'яўляецца самым дакладным: тут няма ніякага датэрміновага галасавання, усё праходзіць хутка ў адзін дзень, усё падлічваецца на вачах наглядальнікаў. Бальніца прадстаўляе ўвесь зрэз грамадства, там няма правых, левых і цэнтрыстаў", - сказала яна на заканчэнне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі