Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
13 жніўня 2021, 11:21

Ісачанка накіраваў у адрас Генасамблеі ААН заяву па факце эканамічнага і палітычнага націску на Беларусь

13 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця намеснік старшыні Савета Рэспублікі Анатоль Ісачанка накіраваў у адрас Генеральнай асамблеі ААН заяву па факце эканамічнага і палітычнага націску на Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
 
"Рэспубліка Беларусь адказна падыходзіць да выканання ўзятых на сябе міжнародных абавязацельстваў па рэалізацыі Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года. У нашай краіне сфарміравана нацыянальная архітэктура кіравання працэсам дасягнення Мэт устойлівага развіцця. У яе дзейнасць уключаны прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, органаў дзяржаўнага кіравання, парламенцкай супольнасці і дзелавых колаў, - адзначыў Анатоль Ісачанка. - Сумесныя намаганні грамадства і дзяржавы па дасягненні МУР забяспечылі істотны прагрэс. У індэксе чалавечага развіцця нашай рэспубліцы належыць 53-е месца ў катэгорыі краін з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця; у незалежным рэйтынгу дасягнення МУР Беларусь займае 24-е месца са 165 дзяржаў".
 
Беларусь за сваю шматвяковую гісторыю, цаной гераічнага подзвігу папярэдніх пакаленняў, страціўшы кожнага трэцяга грамадзяніна ў часы Вялікай Айчыннай вайны, абараніла права на самастойнае вызначэнне свайго шляху развіцця.

"З'яўляючыся адной з заснавальніц Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, Беларусь захоўвае прыхільнасць да ключавых прынцыпаў міжнароднага права - неўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў і іх роўнасці на міжнароднай арэне. Аднак сёння з-за разгорнутай краінамі ЕС і ЗША мэтанакіраванай кампаніі па палітычным і эканамічным націску на Рэспубліку Беларусь дасягнутыя высокія вынікі ў розных сферах і ў працэсе дасягнення МУР знаходзяцца пад пагрозай", - адзначыў віцэ-спікер.

Анатоль Ісачанка падкрэсліў, што мы сутыкнуліся з нахабным і дзерзкім выклікам, кінутым суверэннай, дэмакратычнай і міралюбівай дзяржаве, кожнаму яе грамадзяніну. "Аднабаковыя абмежавальныя меры ў выглядзе недапушчэння вырабленых у Беларусі тавараў на еўрапейскі рынак, забароны заходніх дзяржаў на пералёты беларускіх перавозчыкаў над сваёй тэрыторыяй, эскалацыя міграцыйнага крызісу на беларуска-літоўскай граніцы цяпер набываюць катастрафічныя перспектывы. Такая бяздумная палітыка ў адносінах да нашай краіны значна закранае інтарэсы не толькі беларускіх грамадзян. У адрас Еўрасаюза накіраваны сотні зваротаў беларускіх працоўных калектываў з заклікам спыніць неправамерны націск. Аднак шматлікія просьбы рабочых ігнаруюцца", - гаворыцца ў заяве.
 
Увесь свет стаў сведкам беспрэцэдэнтнага знешняга націску, палітызацыі Мэт устойлівага развіцця, развязвання глабальнага крызісу ў самым цэнтры Еўропы. Гэтыя і іншыя дзеянні супярэчаць шэрагу міжнародных абавязацельстваў, ідуць уразрэз з палажэннямі Статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і істотна пагаршаюць права на дастойны ўзровень жыцця для мільёнаў людзей.

"Умяшанне ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы парушае Дэкларацыю аб прынцыпах міжнароднага права, якія датычацца дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў адпаведнасці са Статутам ААН, прынятую рэзалюцыяй Генеральнай асамблеі ААН 2625 (XXV) ад 24 кастрычніка 1970 года. Прынцып адносна абавязку не ўмешвацца ў справы, што ўваходзяць ва ўнутраную кампетэнцыю любой дзяржавы, гаворыць: "Ні адна дзяржава не можа ні прымяняць, ні заахвочваць прымяненне эканамічных, палітычных мер або мер любога іншага характару з мэтай дабіцца падпарадкавання сабе іншай дзяржавы ў ажыццяўленні ёю сваіх суверэнных правоў і атрымання ад гэтага якіх бы то ні было пераваг. Ні адна дзяржава не павінна таксама арганізоўваць, распальваць, фінансаваць, падштурхоўваць або дапускаць падрыўную, тэрарыстычную або ўзброеную дзейнасць, накіраваную на насільнае звяржэнне ладу іншай дзяржавы, гэтак жа як і садзейнічаць ёй, а таксама ўмешвацца ва ўнутраную барацьбу ў іншай дзяржаве". Таксама ў адпаведнасці з адным з прынцыпаў гэтай дэкларацыі "дзяржавы павінны супрацоўнічаць у справе аказання садзейнічання эканамічнаму росту ва ўсім свеце, асабліва ў краінах, якія сталі на шлях развіцця", - акцэнтаваў увагу віцэ-спікер.
 
Анатоль Ісачанка дадаў: "Як нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь звяртаюся да Генеральнай асамблеі ААН і заклікаю: асудзіць грубае ўмяшанне ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь з боку замежных дзяржаў. Прыняць меры па недапушчэнні выкарыстання аднабаковых прымусовых абмежаванняў у ­адносінах да суверэннай дзяржавы. Спыніць спланаваныя крокі шэрага дзяржаў - членаў ААН па ігнараванні ключавых прынцыпаў міжнароднага права і пагаршэнні ўзроўню жыцця мільёнаў людзей. Стаць на абарону рэалізацыі Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года, што на гэты час паслядоўна ігнаруецца ЗША і краінамі ЕС, якія ўзялі на сябе адпаведныя высокія абавязацельствы па яе выкананні".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі