Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
27 лютага 2020, 12:07

Ініцыятывы, наказы ад Лукашэнкі і просьба Пуціна - як Мясніковіч пачаў работу на чале Калегіі ЕЭК

Праз амаль месяц пасля ўступлення на пасаду старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі аўтарытэтны беларускі дзяржаўны дзеяч Міхаіл Мясніковіч зноў у Мінску. Цяпер ужо ў новай іпастасі міжнароднага чыноўніка і з афіцыйнай фурмулёўкай "рабочы візіт". Праграмай візіту, як паведамляецца на сайце ЕЭК, прадугледжаны сустрэчы з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, прэм'ер-міністрам Сяргеем Румасам, кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Ігарам Сергяенкам.

Так здарылася, што пачатак работы Міхаіла Мясніковіча на новай пасадзе - на чатырохгадовы перыяд з 1 лютага 2020 года - супаў з годам старшынства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Гэта можна лічыць своеасаблівым грэйс-перыядам, калі будзе прасцей пашыраць нейкія ініцыятывы і напаўняць імі шматбаковы парадак дня. Разам з тым Міхаіл Мясніковіч (раней кіраваў Адміністрацыяй Прэзідэнта Беларусі, Нацыянальнай акадэміяй навук, урадам і Саветам Рэспублікі) вельмі вопытны, у добрым сэнсе слова, бюракрат. Ды і сам Аляксандр Лукашэнка наўрад ці схільны рабіць паблажкі, нават сваім пратэжэ. Таму адказваць за вынікі работы, хутчэй за ўсё, давядзецца па поўнай, як любіць казаць беларускі лідар.

Прынесці карысць не толькі Беларусі, але і ўсяму саюзу

Работа дзеля ўсеагульнай карысці - менавіта на гэта кіраўнік беларускай дзяржавы настройваў Міхаіла Мясніковіча яшчэ ў канцы лістапада мінулага года, сустракаючыся з ім у Палацы Незалежнасці. Да таго моманту прапанова па яго кандыдатуры была ўважліва прааналізавана. "Мы думалі над тым, каго рэкамендаваць. Праўда, і жадаючыя былі. Але я лічу, што гэта пад сілу толькі вам. Таму што ўсе кандыдатуры, якія мне давялося разглядаць, яны слабейшыя, менш вопытныя, менш дыпламатычныя. У вас ўсе гэтыя якасці ёсць", - сказаў тады Аляксандр Лукашэнка.

Відавочна, што да моманту саміту ЕАЭС 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу пад гэтым меркаваннем завочна падпісаліся і астатнія кіраўнікі краін "пяцёркі". Тым больш Аляксандр Лукашэнка сам адзначаў, што да таго як канчаткова агучыць сваё рашэнне, ён праінфармаваў аб ім сваіх калег.

Думаецца, ведаў аб гэтым і Міхаіл Мясніковіч, але да апошняга моманту захоўваў інтрыгу і дыпламатычную вытрымку. Той жа снежаньскай раніцай, непасрэдна перад самітам, на снеданні ў піцерскай гасцініцы заўважыў яго за адным столікам з віцэ-прэм'ерам Ігарам Петрышэнкам. Пасля секундных ваганняў журналісцкая дакучлівасць узяла верх над прыроднай сціпласцю. Пад моцнае фірменнае рукапацісканне пытаюся: "Ну як, Міхаіл Уладзіміравіч, можна вас ужо фактычна павіншаваць?" "Пакуль рана. Яшчэ няма канчатковага рашэння", - асцярожна адказаў будучы старшыня калегіі.

Усе сумненні, калі яны ў кагосьці былі, у сярэдзіне дня развеяў сам саміт. У вузкім складзе ён прадаўжаўся літаральна 10 мінут. Лідары канстатавалі, што па ўсіх пытаннях дасягнуты дамоўленасці, і перайшлі на пасяджэнне ў пашыраным складзе, дзе падпісалі рашэнні і дакументы, прадугледжаныя парадкам дня. А акрамя новага складу калегіі ЕЭК і старшынства была тэма стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, пытанні па некаторых канкрэтных напрамках міждзяржаўнага ўзаемадзення.

НЕфармальны падыход і просьба-пажаданне

Нягледзячы на імклівы ход саміту, у Санкт-Пецярбургу Аляксандр Лукашэнка ўсё ж настаяў на тым, каб рашэнне па кандыдатуры Міхаіла Мясніковіча не прымалася фармальна. "Можа, будуць пытанні да чалавека", - выказаў меркаванне ён.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін наконт гэтага адзначыў, што "тут праблем ніякіх няма" - Міхаіла Мясніковіча ў краінах ЕАЭС ведаюць добра яшчэ па рабоце на папярэдніх пасадах. Яно і зразумела, бо ў тым ліку з Уладзімірам Пуціным у яго бытнасць на пасадзе кіраўніка ўрада Расіі беларускаму прэм'еру Мясніковічу даводзілася весці перагаворы аб пастаўках нафты, цэнах на газ, будаўніцтве БелАЭС... Нічога не нагадвае?

Зрэшты, вернемся да саміту. "Ёсць просьба і пажаданне, - прадоўжыў расійскі Прэзідэнт. - У нас на парадку дня стаіць дапрацоўка і зацвярджэнне стратэгіі развіцця нашага аб'яднання. Вельмі хацелася б, каб новы старшыня праінфармаваў кожнага з нас аб тым, як ён бачыць арганізацыю сваёй работы па пытаннях, якія яшчэ падлягаюць узгадненню на нацыянальным узроўні ўсіх краін-удзельніц. У мяне вялікая просьба, каб ён праехаў па нашых сталіцах, сустрэўся са сваімі калегамі, кіраўніцтвам урадаў, з тымі спецыялістамі, якія разам з ім будуць развіваць гэту стратэгію".

Міхаіл Мясніковіч у сваю чаргу сваёй галоўнай задачай назваў забеспячэнне рэалізацыі ўсіх дакументаў і палітычнай волі лідараў ЕАЭС: "Я цудоўна разумею, што будзе шмат патрэбнай, але руціннай работы... Думаю, багаж ведаў і вопыт, якія я маю, будуць садзейнічаць таму, каб гэта рэалізаваць".

Еўразійская "кругасветка"

Абяцанне пабываць ва ўсіх сталіцах саюза і сустрэцца з кіраўніцтвам краін Міхаіл Мясніковіч выканаў. Ужо 4 лютага ён прыехаў з візітам у Кыргызстан, дзе сустрэўся з Прэзідэнтам Сааранбаем Жээнбекавым, прэм'ер-міністрам Мухамедкалыем Абылгазіевым і кіраўніком парламента Кыргызстана Дастанбекам Джумабекавым. 7 лютага - візіт у Ерэван і перагаворы з прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам, Прэзідэнтам Арменам Саркісянам, спікерам Нацыянальнага сходу Араратам Мірзаянам. 17 лютага - Масква, сустрэча з віцэ-прэм'ерам Расіі Аляксеем Аверчуком.

Праз тыдзень у Нур-Султане - перагаворы з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым, прэм'ер-міністрам Аскарам Маміным, старшынёй Сената Дарыгай Назарбаевай. Там жа Міхаіл Мясніковіч заручыўся падтрымкай першага Прэзідэнта Казахстана, ганаровага старшыні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета Нурсултана Назарбаева.

Візіт у Мінск завяршае гэта турнэ і падводзіць рысу пад першым месяцам работы Міхаіла Мясніковіча на новай пасадзе.

На ўсіх праведзеных сустрэчах у цэнтры ўвагі былі стратэгічныя напрамкі развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года, падыходы да ўстаранення гандлёвых бар'ераў, выключэнняў і абмежаванняў, пытанні развіцця гандлю. Прынамсі, на гэтым этапе вынікі пазітыўныя - паведамляецца, што прапановы і ініцыятывы новага старшыні Калегіі ЕЭК знайшлі разуменне і падтрымку.

Дарэчы, тая самая палітычная воля, а па сутнасці, наказы па развіцці еўразійскай інтэграцыі падрабязна выкладзены ў звароце Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, а ў 2020 годзе яшчэ і старшыні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, да кіраўнікоў дзяржаў саюза. Тут і прапанова (магчыма, некаму нагнала аскому, але толькі не Беларусі) засяродзіць намаганні на поўным устараненні бар'ераў, максімальным скарачэнні выключэнняў і абмежаванняў на рынках ЕАЭС, павысіць эфектыўнасць работы органаў саюза, удасканаліць парадак прыняцця рашэнняў, узмацніць наднацыянальную кампетэнцыю Еўразійскай эканамічнай камісіі (зноў жа ў першую чаргу ў сферах з найбольшай колькасцю бар'ераў і выключэнняў).

У звароце таксама пералічаны важнейшыя задачы, з вырашэннем якіх Беларусь звязвае далейшае развіццё Еўразійскага эканамічнага саюза. Перш за ўсё пераход да адзінай або агульнай палітыкі ў сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, транспарту і іншых.

Што называецца, бяры і рабі. Вось толькі не ўсё залежыць ад Міхаіла Мясніковіча або Аляксандра Лукашэнкі. Але пазіцыя беларускага боку па ўсіх абазначаных вышэй пытаннях заўсёды вельмі паслядоўная і адкрытая - за інтэграцыю без бар'ераў і абмежаванняў.

Уладзімір МАЦВЕЕЎ

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі