ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 1 снежня 2022
Мінск Суцэльная воблачнасць -8°C
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
04 сакавіка 2022, 10:24

Гуманітарныя калідоры і чаканыя рашэнні на вышэйшым узроўні. Вынікі другога раўнда перагавораў Расіі і Украіны

4 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перагаворшчыкі Расіі і Украіны 3 сакавіка завяршылі другі раўнд мірных перагавораў. Сустрэча прайшла ў Брэсцкай вобласці ў месцы, якое ўмоўна назвалі "Домік паляўнічага", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Расійская дэлегацыя прыбыла да месца перагавораў яшчэ напярэдадні, 2 сакавіка, і толькі амаль праз суткі на верталётах з тэрыторыі Польшчы прыбылі ўкраінскія перагаворшчыкі. Бакі на гэты раз разам выбралі новую лакацыю для сустрэчы - папярэдні раз перагаворы праходзілі на беразе ракі Прыпяць недалёка ад беларуска-ўкраінскай граніцы ў "Доміку рыбака".

"Мы разам вырашылі. Тут зручней і нам, і ўкраінскаму боку. Брэст - добры аэрапорт, украінскаму боку бліжэй да польскай граніцы, паколькі яны, наколькі я разумею, заязджаюць праз Польшчу", - расказаў напярэдадні перагавораў кіраўнік расійскай дэлегацыі, памочнік прэзідэнта Расіі Уладзімір Мядзінскі.

Другі раўнд перагавораў прадаўжаўся крыху больш як 2,5 гадзіны, што ўдвая карацей за першую сустрэчу перагаворшчыкаў. Па выніках былі зроблены заявы бакоў. Галоўнае пытанне, па якім удалося дамовіцца, - гэта арганізацыя гуманітарных калідораў для выратавання жыццяў мірных грамадзян, аднак анансаваны і магчымыя рашэнні на вышэйшым узроўні.

З заявы ўкраінскага боку:

Саветнік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк паведаміў, што бакі дамовіліся "прадоўжыць работу ў трэцім раўндзе ў максімальна бліжэйшыя тэрміны". Пазней стала вядома, што чарговую сустрэчу таксама плануецца правесці ў Беларусі.

"Толькі што завяршыўся другі раўнд перагавораў паміж расійскім і ўкраінскім бакамі. На вялікі жаль, мы не атрымалі тых вынікаў, на якія разлічвалі. Адзінае, што я магу сказаць: абмеркавалі дастаткова падрабязна гуманітарны аспект, таму што даволі шмат гарадоў цяпер знаходзіцца ў акружэнні, там драматычная сітуацыя з прадуктамі харчавання, медыкаментамі, эвакуацыяй", - адзначыў Міхаіл Падаляк.

Расія і Украіна дамовіліся аб магчымым спыненні агню ў раёне гуманітарных калідораў: "Не ўсюды, а толькі ў тых месцах, дзе будуць знаходзіцца, уласна, самі гуманітарныя калідоры, магчыма будзе спыненне агню на час правядзення эвакуацыі. З гэтай мэтай у бліжэйшы час будуць арганізаваны спецыяльныя каналы сувязі і ўзаемадзеяння і будуць сфарміраваны адпаведныя лагістычныя працэдуры".

"Бакі дасягнулі разумення аб сумесным забеспячэнні гуманітарных калідораў для эвакуацыі мірнага цывільнага насельніцтва, а таксама для дастаўкі медыкаментаў і прадуктаў харчавання ў месцы найбольш бязлітасных баёў з магчымасцю (падкрэсліваю, з магчымасцю) часовага спынення агню на перыяд, калі будзе ажыццяўляцца эвакуацыя ў сектарах, дзе яна праводзіцца", - сказаў Міхаіл Падаляк.

З заявы расійскага боку:

Уладзімір Мядзінскі расказаў, што бакі абмеркавалі ўсе тры блокі пытанняў: ваеннае, пытанне міжнародна-гуманітарнае і трэцяе - пытанне будучага палітычнага ўрэгулявання канфлікту.

Паводле слоў расійскага перагаворшчыка, па некаторых пазіцыях бакі дасягнулі ўзаемаразумення. "Але галоўнае пытанне, якое вырашылі сёння, - гэта пытанне выратавання людзей, цывільных асоб, якія апынуліся ў зоне ваенных сутыкненняў. Прадстаўнікі міністэрстваў абароны дамовіліся аб фармаце рэжыму падтрымання гуманітарных калідораў для выхаду цывільнага насельніцтва, магчыма, часовым спыненні баявых дзеянняў у сектары гуманітарнага калідора на перыяд выхаду грамадзянскага насельніцтва. Я лічу, што гэта істотны прагрэс", - заявіў Уладзімір Мядзінскі.

Вынікі другога раўнда перагавораў пракаменціраваў і старшыня камітэта Дзяржаўнай думы па міжнародных справах Леанід Слуцкі. "Удалося дасягнуць разумення па архіважным пытанні гуманітарных калідораў. Вядома, яшчэ трэба вызначыць механіку, і ў першую чаргу ваенным ведамствам. Але, тым не менш, нам цяпер ёсць што адказаць дзясяткам людзей, чые дзеці, сваякі, бацькі знаходзяцца ў небяспечных на сённяшні дзень зонах на тэрыторыі Украіны. Думаю, што ў бліжэйшы час ім будзе прадастаўлена магчымасць бяспечна гэтыя зоны пакінуць. Нічога важней няма. Паколькі гэта чалавечыя жыцці", - сказаў парламентарый.

"Вядома, для рэалізацыі дамоўленасцей (я не буду сёння іх агучваць) чакаецца трэці не менш важны раўнд перагавораў. У бліжэйшыя дні спатрэбяцца парламенцкія намаганні. Некаторыя дамоўленасці трэба будзе замацоўваць і затым праводзіць працэдуры нацыянальнай ратыфікацыі. Але гэта пытанне, можа быць, не такое хуткае. І, тым не менш, цягнуць з рэалізацыяй тых дамоўленасцей, якія дасягнуты і будуць замацаваны на вышэйшым узроўні ў самыя бліжэйшыя дні ці, можа, нават гадзіны, якія будуць дасягнуты ў ходзе наступнага раўнда перагавораў, ні ў якім разе не трэба. Адказнасць надзвычай высокая. Прадаўжаем працаваць", - заявіў Леанід Слуцкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі