27 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі пачынае афіцыйную работу пасольства Зімбабвэ. Аб гэтым міністр замежных спраў Сяргей Алейнік заявіў журналістам па выніках перагавораў з міністрам замежных спраў і міжнароднага гандлю Зімбабвэ Фрэдэрыкам Шавам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Відавочна, што дасягнутыя паміж прэзідэнтамі дзвюх краін прарыўныя дамоўленасці дадуць магчымасць вывесці наша супрацоўніцтва на якасна новы ўзровень. Адной з такіх дамоўленасцей было адкрыццё пасольства Рэспублікі Зімбабвэ ў Рэспубліцы Беларусь. Усе фармальнасці, звязаныя з адкрыццём пасольства, завершаны, і сёння мы можам афіцыйна аб'явіць аб пачатку яго работы", - сказаў Сяргей Алейнік.
Паводле слоў міністра, гэта падзея ў поўнай меры адлюстроўвае дасягнуты ўзровень даверу і дружбы паміж дзвюма краінамі.
Сяргей Алейнік расказаў, што ў час перагавораў з Фрэдэрыкам Шавам быў абмеркаваны практычна ўвесь спектр двухбаковых адносін. Бакі абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня, падпісалі па выніках перагавораў сумесную заяву.
"Мы задаволены дынамікай развіцця палітычнага дыялогу. У нас выбудавана дакладная і эфектыўная схема ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў і ведамстваў дзвюх краін. Мы падрабязна разгледзелі рэалізацыю дамоўленасцей у гандлёва-эканамічнай сферы, у прыватнасці, ход выканання кантрактаў на пастаўку ў Зімбабвэ сельскагаспадарчай, пажарнай тэхнікі, будаўніцтва і мадэрнізацыю збожжасховішчаў", - адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.
Міністры таксама абмеркавалі супрацоўніцтва ў лёгкай прамысловасці, сельскай гаспадарцы, энергетыцы, здабычы карысных выкапняў. У час перагавораў была закранута гуманітарная праблематыка, у прыватнасці, абмен вопытам у сферы аховы здароўя, аховы мацярынства і дзяцінства.
"Для нас важна, што Беларусь будзе прадаўжаць уносіць свой важкі ўклад у дасягненне ўрадам Зімбабвэ мэт доўгатэрміновай стратэгіі развіцця краіны "Бачанне-2030", - заявіў Сяргей Алейнік.-Э-