Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
30 красавіка 2019, 12:55

Гандлёва-эканамічныя адносіны Беларусі і Швецыі імкліва развіваюцца - пасол

30 красавіка, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Адносіны Беларусі і Швецыі ў гандлёва-эканамічнай сферы імкліва развіваюцца. Аб гэтым заявіла сёння журналістам пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Двухбаковы тавараабарот характарызуецца стабільным ростам. За мінулы год ён павялічыўся на 35 працэнтаў. "Першыя месяцы гэтага года таксама паказваюць імклівы рост, гэта вельмі прыемна. Значыць, пашыраецца кола шведскіх кампаній, якія бачаць для сябе магчымасці ў Беларусі", - адзначыла пасол. У прыватнасці, паспяхова развіваецца экспарт паслуг у Швецыю з Беларусі. Асаблівы інтарэс да беларускага ІТ-сектара, паводле слоў дыпламата, літаральна нядаўна дзве шведскія кампаніі размясціліся ў ПВТ.

Крысціна Юханесан расказала, што пасольства рэгулярна арганізуе паездкі па беларускіх рэгіёнах і запрашае да ўдзелу прадстаўнікоў бізнесу. "З намі падарожнічае невялікая група кампаній, але гэта тыя, у каго ёсць канкрэтныя пытанні да канкрэтных беларускіх прадпрыемстваў", - дадала яна. Чарговая паездка плануецца на восень. Акрамя таго, у гэты ж перыяд чакаецца прэзентацыя патэнцыялу Беларусі ў Стакгольме. "Мы яшчэ не ўсе дэталі прапрацавалі. Але гэта сведчыць аб тым, што рост гандлю прывядзе да росту інтарэсу бізнесу да краіны. Мы ўсе ведаем, што бізнесменаў ніякі пасол або палітык не можа прымусіць кудысьці паехаць або заключыць здзелку", - заўважыла пасол.

Паводле яе слоў, з восені ў Швецыі пачынаюць працаваць новыя стратэгічныя дакументы, і ў сувязі з гэтым можна разлічваць на актывізацыю ўзаемадзеяння Беларусі са Шведскім агенцтвам міжнароднага супрацоўніцтва і развіцця (СІДА). Пры садзейнічанні гэтай структуры ўжо рэалізуюцца буйныя эканамічныя праекты па мадэрнізацыі водаканалаў у пяці беларускіх гарадах. Швецыя мае намер і далей аказваць падтрымку праектам у галіне экалогіі і клімату.

Дыпламат вельмі пазітыўна ацаніла рашэнне Беларусі аб увядзенні бязвізавага рэжыму для шэрага краін, падкрэсліўшы, што гэта таксама будзе садзейнічаць росту інтарэсу да краіны з боку бізнесу. "Крок Беларусі да бязвізавага ўезду (спачатку 5, потым 30 дзён) - гэта геніяльны крок, і сапраўды ўзрастае колькасць замежных турыстаў", - сказала яна.

Адказваючы на пытанне журналістаў аб магчымым удзеле Швецыі ў экалагічнай ацэнцы ўздзеяння беларускай АЭС, Крысціна Юханесан адзначыла, што шведскае агенцтва па радыяцыйнай бяспецы ўжо супрацоўнічае з беларускімі ўладамі ў Гомелі. "Яно гатова і далей працаваць, каб была максімальная транспарэнтнасць, - пацвердзіла пасол. - Мы можам прапаноўваць свае ноу-хау, тэхналогіі, экспертызу. Калі гэта будзе запатрабавана, мы будзем рады".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі