
20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка накіраваўся з рабочым візітам ва Уфу і Казань (Расійская Федэрацыя), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Урадавая дэлегацыя Беларусі на чале з прэм'ер-міністрам наведае Уфу і Казань з 20 па 22 верасня. Як неаднаразова падкрэсліваў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, супрацоўніцтва з Расіяй мае для Беларусі важнае значэнне ў плане нарошчвання і пераарыентацыі экспарту. Менавіта таму мэта візіту - дамоўленасці па павелічэнні тавараабароту з гэтымі рэгіёнамі, асабліва цікавыя пастаўкі тых груп тавараў, якія неабходны для забеспячэння ўстойлівай работы беларускай прамысловасці.
Праграмай візіту прадугледжаны ўдзел у міжнародным кангрэсе "Транспарт і будаўніцтва", наведванне буйнейшых прадпрыемстваў Башкортастана і Татарстана, перагаворы з кіраўніцтвам рэспублік, мноства бізнес-сустрэч, па выніках якіх плануецца падпісанне канкрэтных дагавораў аб супрацоўніцтве.
Як паведамілі ў прэс-службе ўрада, ва Уфе адбудзецца адкрыццё дылерскага цэнтра па продажы грузавой тэхнікі ААТ "Мінскі аўтамабільны завод" і "ДАРЭЛЕКТРАМАШ". Таксама ў сталіцы Башкортастана ў рамках візіту беларускай дэлегацыі адбудзецца цырымонія закладкі капсулы будаўніцтва завода па вытворчасці машын і абсталявання для пасляўборачнай апрацоўкі збожжа ААТ "АМКАДОР".
У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, кіраўнікі такіх беларускіх прадпрыемстваў, як "МТЗ", "МАЗ", "Белкамунмаш", "АМКАДОР", "Гарызонт".-0-