Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
30 сакавіка 2021, 14:13

Галоўчанка: пераразмеркаванне паўнамоцтваў накіравана на разняволенне ініцыятывы на месцах

30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пераразмеркаванне паўнамоцтваў з перадачай дадатковых правоў і адказнасці на ўзровень мясцовых органаў улады накіравана на разняволенне ініцыятывы ў рэгіёнах. Аб гэтым заявіў журналістам прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы па пытаннях пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж органамі дзяржаўнай улады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У працэсе пераразмеркавання паўнамоцтваў прадугледжваецца павышэнне ролі і адказнасці мясцовых органаў улады. "Гэта ў тым ліку накіравана і на разняволенне ініцыятывы на месцах", - адзначыў прэм'ер-міністр. Паводле яго слоў, падрыхтоўка прапаноў па змяненні паўнамоцтваў вялася пры актыўным удзеле мясцовых органаў улады і яны пацвярджалі сваю гатоўнасць дадаткова браць на сябе прыняцце рашэнняў. У гэтай рабоце зыходзілі з асноўных крытэрыяў, што прымаць трэба наспелыя рашэнні, ісці ад жыцця (не павінна быць ніякіх надуманых рашэнняў).

"Гэта дасць магчымасць аптымізаваць працэдуру і хуткасць прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў і павысіць адказнасць асоб і дзяржаўных органаў, якія прымаюць гэтыя рашэнні, за іх вынікі. Такая сёння задача", - адзначыў Раман Галоўчанка. Паводле яго слоў, у шэрагу выпадкаў на месцах лепш ведаюць сітуацыю, выбудавана неабходная рэгулятарная база для прыняцця рашэнняў. Пашырэнне паўнамоцтваў на месцах дасць магчымасць, напрыклад, больш аператыўна прымаць рашэнні ў частцы горадабудаўнічай, архітэктурнай дзейнасці.

Журналісты пацікавіліся ў прэм'ер-міністра не толькі гатоўнасцю мясцовых улад да новых паўнамоцтваў, але і наяўнасцю ў іх жадання на гэта. "Так. Вялікая колькасць ініцыятыў паступіла менавіта ад рэгіёнаў. Гэта зразумела. Яны сутыкаюцца з гэтымі пытаннямі на практыцы. У насельніцтва, суб'ектаў гаспадарання ў працэсе іх дзейнасці ўзнікаюць сітуацыі, якія трэба ўрэгуляваць. Калі яны (мясцовыя органы ўлады. - Заўвага БЕЛТА) бачаць, што гэта можна зрабіць у больш сціслыя тэрміны, больш аператыўна, без шкоды для інтарэсаў дзяржавы, то ўносяць такія прапановы", - растлумачыў Раман Галоўчанка.-0-

Рашэнні аб пераразмеркаванні паўнамоцтваў будуць прымацца кропкава - Галоўчанка

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі