
26 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка і дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота абмеркавалі сёння на сустрэчы далейшае ўзаемадзеянне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нас ёсць вялікі пералік пытанняў, якія неабходна абмеркаваць. Гэта наша ўзаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы, развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У вашых руках сканцэнтраваны вялікі аб'ём паўнамоцтваў, і вельмі радуе, што апошнім часам фактычна з'явіўся новы імпульс у развіцці Саюзнай дзяржавы", - адзначыў кіраўнік беларускага ўрада.
Раман Галоўчанка адзначыў, што ў бягучым годзе, хутчэй за ўсё, з-за эпідсітуацыі не будзе праведзена пасяджэнне Савета міністраў СД. "Але трэба вызначыць, калі будзе рэальна правесці чарговае пасяджэнне. Мы рады, што актыўна працуе група высокага ўзроўню і вельмі вялікі спектр пытанняў быў разгледжаны нядаўна на пасяджэнні. Наколькі мне вядома, група збіраецца сустрэцца яшчэ і ў гэтым годзе, таму хацелася б пачуць ад вас ацэнку работы. Трэба таксама разгледзець пытанні бюджэту Саюзнай дзяржавы на наступны год і яго выкананне ў бягучым годзе. У цэлым хочацца пачуць вашы рэкамендацыі, над чым трэба ўважліва папрацаваць у бліжэйшы час", - сказаў прэм'ер-міністр Беларусі.
Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота таксама падкрэсліў, што пытанняў для абмеркавання накопліваецца шмат. "Таму такія сустрэчы патрэбны, інакш проста зацягнецца ўвесь працэс", - лічыць ён.
Дзяржсакратар праінфармаваў аб парадку дня і разглядаемых цяпер пытаннях. "Сапраўды, група высокага ўзроўню ў апошні час праводзіць пасяджэнні, і ў снежні пройдзе яшчэ адно. І, вядома, усё, што можна будзе там вырашыць, мы вырашым. Праводзілі гэтыя пасяджэнні мы ў анлайн-рэжыме, гэта стала для нас звычайным фарматам і працуе добра, паколькі можна сабраць любую колькасць удзельнікаў", - дадаў Рыгор Рапота.-0-
Фота Ягора Паўлюшчыка


