Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
18 красавіка 2019, 14:15

Фінляндыя падтрымлівае станоўчы трэнд у развіцці адносін Беларусі з ЕС - Кейнянен

18 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фінляндыя падтрымлівае станоўчы трэнд у развіцці адносін паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам. Аб гэтым заявіў намеснік дзяржаўнага сакратара па знешніх эканамічных сувязях МЗС Фінляндыі Марку Кейнянен на цырымоніі адкрыцця ў Мінску новага офіса аддзялення пасольства Фінляндыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"З 1 ліпеня Фінляндыя старшынствуе ў Савеце Еўрапейскага саюза, і мы будзем падтрымліваць станоўчы трэнд у развіцці адносін паміж Беларуссю і ЕС", - сказаў Марку Кейнянен.

Закранаючы перспектывы адкрыцця ў Мінску паўнацэннага пасольства Фінляндыі (цяпер інтарэсы гэтай краіны ў Беларусі прадстаўляе пасольства Фінляндыі ў Літве. - Заўвага БЕЛТА), дыпламат адзначыў, што пакуль такіх планаў няма. "Магчыма, гэта будзе нашым крокам у далейшым. Пакуль мы будзем прадаўжаць работу праз аддзяленне пасольства Фінляндыі ў Мінску, як і раней, але ўжо ў асобным памяшканні, - растлумачыў ён. - Наяўнасць свайго офіса дае магчымасць больш шырока весці работу, праводзіць бізнес-сустрэчы і іншыя мерапрыемствы ўжо на сваёй базе".

Штат супрацоўнікаў аддзялення пасольства пашыраць не плануецца, але інтэнсіўная работа па наладжванні і развіцці палітычных і эканамічных адносін паміж краінамі прадоўжыцца. "Калі будзе неабходнасць у пашырэнні штату, то гэта будзе нашым наступным крокам", - дадаў намеснік дзяржсакратара.

Марку Кейнянен звярнуў увагу, што Беларусь і Фінляндыя знаходзяцца недалёка адзін ад аднаго і трэба выкарыстоўваць гэту магчымасць для нарошчвання супрацоўніцтва, у тым ліку ў турыстычнай сферы.

"Я ў Беларусі і Мінску ўпершыню і ўражаны, які ў вас прыгожы і цудоўны горад, - сказаў ён. - Адлегласць паміж нашымі краінамі не такая ўжо і вялікая, таму ёсць магчымасць для падарожжаў".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі