Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
12 кастрычніка 2022, 16:02

Эксперт БІСД растлумачыў, навошта Беларусі мяняць канцэпцыю нацбяспекі

12 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ваенны аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Чарнабай у праекце "Па факце: рашэнні Першага" на YouTube-канале БЕЛТА расказаў, як апошнім часам трансфармаваліся выклікі і пагрозы і чаму з-за гэтага трэба мяняць канцэпцыю нацыянальнай бяспекі.

Эксперт перакананы, што абнаўленне канцэпцыі нацыянальнай бяспекі наспела аб'ектыўна. Дзеючая рэдакцыя дакумента прынята больш як 10 гадоў таму, а за гэты час адбыліся істотныя змяненні як у Беларусі, так і ў свеце - узаемаадносіны паміж глабальнымі цэнтрамі сілы - ЗША, Расіяй, Кітаем, краінамі НАТА - сталі зусім іншымі.

Калі прымалася папярэдняя канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, ніхто не ведаў, што будзе Украіна 2014 года і 2022 года, звярнуў увагу Андрэй Чарнабай. На яго думку, ніхто таксама не мог прадбачыць абвастрэнне наконт Тайваня, якое адбылося ў бягучым годзе. "Здавалася б, Тайвань, Кітай далёка. Але Кітай - гэта наш асноўны геастратэгічны саюзнік, адпаведна яго геапалітычная стабільнасць для нас таксама вельмі важная", - сказаў ваенны аналітык.

Ён звярнуў увагу на істотную трансфармацыю пагроз нацыянальнай бяспецы Беларусі: з'явіліся новыя выклікі і пагрозы, у прыватнасці, пандэмія 2020 года, міграцыйны крызіс (Беларусь заўсёды была транзітнай краінай для мігрантаў, але не ў такім маштабе, як гэта здарылася ў 2021 годзе), працоўная міграцыя грамадзян нашай краіны ў сумежныя краіны.

Важна і тое, што за апошнія гады практычна разбурылася міжнародная прававая, дагаворная сістэма, якая забяспечвала кантроль над узбраеннем і дазваляла захоўваць бяспеку ў рэгіёне, Еўропе, свеце, падкрэсліў эксперт. ЗША і НАТА ў гэтым годзе практычна анулявалі дзеянне асноўнага акта аб узаемаадносінах па лініі Расія - НАТА ад 1997 года.

"Зусім іншымі сталі і пагрозы ў ваеннай сферы. Мы бачым, як расшыраецца блок НАТА. За час дзеяння канцэпцыі, здавалася б, толькі дзве краіны ўступілі ў НАТА - Чарнагорыя і Паўночная Македонія. Але мы бачым, што цяпер ідзе працэс уступлення Швецыі і Фінляндыі. Трэба не забываць, што гэта Балтыка, Арктыка. Ва ўмовах санкцыйнага націску мы вымушаны карыстацца партамі Расіі як на Балтыйскім моры, так і паўночным марскім шляхам для дастаўкі нашых грузаў, прадукцыі, у той жа Кітай", - адзначыў Андрэй Чарнабай.

Ён звярнуў увагу, што ЗША значна ўзмацнілі сваю ваенную прысутнасць у Еўропе - да 100 тыс. і больш ваеннаслужачых на фоне спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне. "Прычым каля трох пятых ад гэтай колькасці знаходзяцца на пастаяннай аснове, - сказаў ваенны аналітык. - З 2014 года ЗША праводзяць аперацыю "Атлантычная рашучасць", войскі ЗША на ратацыйнай аснове знаходзяцца ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. З 2017 года ў 4 краінах (Літва, Латвія, Польшча, Эстонія) такая аперацыя, як пашыраная перадавая прысутнасць НАТА, шматнацыянальныя батальённыя групы войскаў (разгорнуты ў гэтых краінах. - Заўвага БЕЛТА). Пасля мадрыдскага саміту НАТА ў чэрвені бягучага года такіх груп стала яшчэ на 4 больш - Балгарыя, Румынія, Венгрыя, Славакія. Больш таго, прынята рашэнне аб павелічэнні іх з узроўню батальённых груп да брыгадных".

Эксперт таксама акцэнтаваў увагу на нарошчванні ваеннай інфраструктуры ў краінах Балтыі: "Мы ведаем, што ў Літве цяпер практычна нанова будуюцца тры ваенныя гарадкі: у Пабрадэ, Казлу-Рудэ і Калварыі. 4-5 кастрычніка ў Літву прыбылі войскі Германіі, 41-й танкавай брыгады. Яны будуць праводзіць вучэнні разам з літоўскімі ўзброенымі сіламі".

Аналагічная работа праводзіцца і з аб'ектамі інфраструктуры ў Латвіі і Эстоніі - яны таксама рыхтуюцца прыняць войскі НАТА ў пашыранай колькасці - брыгады і дывізіі, падкрэсліў Андрэй Чарнабай.

"Мы бачым, якія працэсы адбываюцца ў Польшчы. На пачатак бягучага года колькасць узброеных сіл была прыкладна 120 тыс. чалавек. Пастаўлена задача павялічыць гэту колькасць да 300 тыс. Прычым толькі ваеннаслужачых - амаль 250 тыс. чалавек, гэта значыць у два разы, - прывёў ён шэраг прыкладаў. - Нядаўна быў заключаны кантракт (самы вялікі ў гісторыі Польшчы, на $15 млрд) з Паўднёвай Карэяй. Польшча там закупляе каля 1 тыс. танкаў К2 (самыя сучасныя ў свеце танкі на гэты момант), каля 800 гаўбіц К9, каля 50 самалётаў, якія можна назваць мнагамэтавымі". Таксама, паводле яго слоў, заключаны кантракт на пастаўку Польшчы 250 танкаў "Абрамс" вытворчасці ЗША, самалётаў F-35. Такім чынам, Польшча ў 2023 годзе збіраецца павялічыць свае ваенныя расходы да 3 працэнтаў ВУП, а ў перспектыве да 5 працэнтаў ВУП, сцвярджае эксперт.

Ён падкрэсліў, што за апошні час змяніліся формы і спосабы вядзення баявых дзеянняў : "Мы бачым на прыкладзе канфлікту ў Нагорным Карабаху, СВА ва Украіне, якую ролю атрымліваюць высокадакладная зброя, рэактыўныя сістэмы залпавага агню, беспілотнікі".

"Зразумела, усе гэтыя пытанні неабходна ўлічваць і пры ваенным будаўніцтве Рэспублікі Беларусь", - падкрэсліў ваенны аналітык, дадаўшы, што трэба павышаць значнасць абаронна-прамысловага комплексу краіны. Ён перакананы, што спецаперацыя ва Украіне выразна дала зразумець, наколькі важна мець сваю базу для вытворчасці ўзбраення, ваеннай тэхнікі, боепрыпасаў, наколькі важна мець запасы і таго, і другога. "Вядома, важнейшае значэнне мае маральны дух насельніцтва, ваеннаслужачых. Вышэйшым праяўленнем патрыятызму грамадзян з'яўляецца гатоўнасць абараніць сваю Айчыну са зброяй у руках. Не проста гордасць за краіну, за валоданне пашпартам канкрэтнай дзяржавы, а менавіта гатоўнасць да яе абароны", - заявіў Андрэй Чарнабай.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі