Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
23 жніўня 2021, 14:45

Эгаізм палітычных эліт краін Захаду вядзе да росту напружанасці ў свеце - Андрэйчанка

23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка прыняў удзел у першым пленарным пасяджэнні 42-й Генеральнай асамблеі МПА АСЕАН. Пасяджэнне праходзіць з 23 па 25 жніўня ў фармаце відэаканферэнцсувязі на базе Парламента Бруней-Дарусалама, які старшынствуе ў МПА АСЕАН, і прысвечана пытанням развіцця парламенцкага супрацоўніцтва ў галіне інтэграцыі лічбавых тэхналогій да супольнасці АСЕАН 2025. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

Падчас першага пленарнага пасяджэння Уладзімір Андрэйчанка выступіў з дакладам. "Перш за ўсё хачу выказаць словы ўдзячнасці парламенту Бруней-Дарусалама, які старшынствуе ў МПА АСЕАН, за арганізацыю правядзення 42-й Генеральнай асамблеі. Усе мы з'яўляемся сведкамі таго, як сучасны свет імкліва змяняецца. Эгаізм палітычных эліт асобных краін Захаду вядзе да росту напружанасці ў розных кутках свету. Гэта толькі ўскладняе праблемы, звязаныя са змяненнем клімату, сацыяльна-эканамічнай і тэхналагічнай няроўнасцю. У сувязі з гэтым асаблівую каштоўнасць набывае палітыка АСЕАН, заснаваная на такіх прынцыпах, як неўмяшанне ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў, адмова ад прымянення сілы, мірнае ўрэгуляванне спрэчак", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Паводле яго слоў, "Кодэкс паводзін" краін АСЕАН сугучны са знешняй палітыкай нашай дзяржавы і з'яўляецца добрай асновай для сумеснага вырашэння многіх жыццёвых задач. "Мы бачым вялікія перспектывы ў вызначэнні агульных інтарэсаў паміж рознымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі. Пры гэтым у рамках нашага старшынства ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў у год 30-годдзя арганізацыі, а таксама работы ў Еўразійскім эканамічным саюзе надаём асаблівае значэнне ўзаемавыгадным праектам. У іх ліку супрацоўніцтва ў галіне стварэння агульных лічбавых экасістэм і пояса лічбавага добрасуседства. Гэта значныя тэмы для сумеснай работы на міжнародных пляцоўках. У нас ужо ёсць пэўныя вопыт і напрацоўкі па названых напрамках", - адзначыў спікер.

Уладзімір Андрэйчанка дадаў: "У Міжпарламенцкай асамблеі СНД вядзецца работа па інфармацыйна-прававым забеспячэнні лічбавага развіцця грамадства, у тым ліку для дзяржаў - членаў Еўразійскага эканамічнага саюза. У Парламенцкай асамблеі АБСЕ мы развіваем тэмы развіцця лічбавай эканомікі і стратэгічнага прагназавання ў галінах навукі, тэхналогій і інавацый для ўстойлівага развіцця. Мы адкрыты для ўзаемадзеяння з калегамі-парламентарыямі з МПА АСЕАН па гэтых і іншых тэмах. Для вызначэння яго канкрэтных напрамкаў прапануем правесці міжпарламенцкі форум АСЕАН - Беларусь у Мінску. Вынікі гэтага мерапрыемства прапануем замацаваць у падагульняючай дэкларацыі "Аб міжнародных інфармацыйных экасістэмах і стварэнні пояса лічбавага добрасуседства".

Правядзенне такога форуму будзе таксама нашым сумесным укладам у рэалізацыю задач Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі ААН. Мы гатовы працаваць у гэтым напрамку са сваімі калегамі і ў Міжпарламенцкім саюзе. Толькі разам мы дасягнём поспеху ў пабудове будучыні для нашых краін і народаў".

Парламент Рэспублікі Беларусь з 2011 года мае статус наглядальніка ў МПА АСЕАН і актыўна супрацоўнічае з гэтай міжпарламенцкай структурай. Такая работа вядзецца праз дэлегацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ажыццяўленні кантактаў з МПА АСЕАН, якія былі сфарміраваны ў парламенце Рэспублікі Беларусь чацвёртага - сёмага скліканняў. Прадстаўнікі беларускага парламента на рэгулярнай аснове прымаюць удзел у пасяджэннях генеральных асамблей МПА АСЕАН, забяспечваючы тым самым станоўчую дынаміку міжпарламенцкага дыялогу як з арганізацыяй, так і з краінамі - членамі АСЕАН.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі