Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
15 ліпеня 2021, 19:01

Для падтрымання згоды, міру і спакою вельмі важна нацыянальнае адзінства - пасол Турцыі

15 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальнае адзінства і маналітнасць грамадства маюць вельмі важнае значэнне для захавання ў краіне згоды, міру і спакою. Аб гэтым у размове з карэспандэнтам БЕЛТА заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Турцыі ў Беларусі Мустафа Азджан, які сёння прыняў удзел у памятным мерапрыемстве ў Доме дружбы з нагоды Дня дэмакратыі і нацыянальнага адзінства, што адзначаецца ў Турцыі 15 ліпеня.

Пасол нагадаў, што ў гэты дзень адзначаецца гадавіна няўдалай спробы ваеннага перавароту ў Турцыі. Ноччу 15 ліпеня 2016 года былі атакі на будынак парламента, стратэгічныя аб'екты і інфраструктуру, быў учынены замах на Прэзідэнта Турцыі. У выніку сутыкненняў загінулі больш за 250 чалавек, больш за 2 тыс. атрымалі раненні. У памяць аб ахвярах тых падзей кожны год пасольства Турцыі ў Беларусі арганізуе памятныя мерапрыемствы. "Наш народ атрымаў гэту гераічную перамогу з пачуццём глыбокай адданасці сваёй Радзіме, і нашым агульным абавязкам з'яўляецца памятаць і нагадваць пра гэту перамогу штогод, - сказаў пасол. - Такім чынам мы дэманструем сваё адзінства, каб ніколі больш не адбылося нічога падобнага".

Ён звярнуў увагу, што Беларусь стала адной з першых краін, якія раніцай 16 ліпеня 2016 года асудзілі спробу дзяржаўнага перавароту. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў падтрымку Прэзідэнту Турцыі Рэджэпу Таіпу Эрдагану, міністр замежных спраў Уладзімір Макей - свайму турэцкаму калегу Меўлюту Чавушаглу. "Мы вельмі ім удзячныя за гэта", - падкрэсліў Мустафа Азджан.

"Беларусь вельмі блізкі для нас сябар, - прадоўжыў ён. - У нас выдатныя адносіны ў палітычнай і дыпламатычнай сферах. Таксама мы вядзём работу над шэрагам канкрэтных праектаў для яшчэ большага развіцця эканамічнага ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі".

Пасол адзначыў пастаянны інтарэс турэцкіх інвестараў да Беларусі і выказаў упэўненасць, што гэты інтарэс з часам будзе павялічвацца, паколькі Турцыя разглядае Беларусь у якасці "вельмі важнага цэнтра ў сваім рэгіёне, уваходных варот на Усход (гэта значыць на расійскі рынак) і важнага лагістычнага цэнтра на заходнім напрамку".

"Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што Турцыя пры фарміраванні палітыкі ў адносінах да Беларусі перш за ўсё надае вялікае значэнне стабільнасці, бяспецы, спакою і дабрабыту Беларусі. Бо гэта ўплывае і на спакой і згоду ва ўсім рэгіёне", - сказаў кіраўнік дыпмісіі.

На яго думку, цяпер для беларускага грамадства асабліва важны нацыянальнае адзінства і маналітнасць. "Знешняе ўздзеянне, навязаныя знешнімі сіламі шляхі вырашэння ні да чаго добрага не прывядуць. Толькі дыялог унутры грамадства, толькі салідарнасць могуць даць сапраўды добры вынік, - перакананы Мустафа Азджан. - За паўтара года, што я знаходжуся ў Беларусі, я пераканаўся, што беларусы - людзі мудрыя, яны здольны адрозніць праўду ад выдумкі, і менавіта метадам дыялогу яны могуць падтрымаць сваю краіну, падтрымаць у ёй згоду, мір і спакой".

На памятным мерапрыемстве ў Доме дружбы прысутнічалі таксама кіраўнікі некалькіх дыпламатычных місій замежных дзяржаў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, прадстаўнікі рэлігійных і грамадскіх арганізацый.

Як адзначыў у сваім выступленні Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Азербайджана ў Беларусі Лаціф Гандзілаў, важным залогам паспяховага процідзеяння турэцкага народа спробе ваеннага перавароту стала адзінства грамадства і дзяржавы. "Увесь свет убачыў адзінства цюркскага народа. Калі народ і ўлада бываюць разам - ніхто іх не пераможа. Тое ж самае паказалі і падзеі ў Беларусі: народ і ўлада разам". Падзеі ў Турцыі ў 2016 годзе і ў Беларусі ў 2020-м пасол лічыць рознымі звёнамі аднаго ланцуга. "Розныя формы, розныя падыходы і метады, але была зроблена спроба дзяржаўнага перавароту. Гэта трэба разумець", - падкрэсліў Лаціф Гандзілаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі