Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
06 снежня 2021, 10:12

Дэпутат: калі ЗША размесцяць ядзерную зброю каля граніц Беларусі, наш адказ не прымусіць сябе доўга чакаць

6 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Калі ЗША размесцяць ядзерную зброю каля граніц Беларусі, наш адказ не павінен прымусіць сябе доўга чакаць. Такім меркаваннем з карэспандэнтам БЕЛТА падзяліўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Хлабукін.

"Далейшая эскалацыя ваеннай прысутнасці заходніх краін каля граніц Беларусі, нарастанне рызык і пагроз ваенна-палітычнага націску на нашу краіну дае поўную падставу кіраўніку дзяржавы як галоўнакамандуючаму Узброенымі сіламі прасіць Расію аб размяшчэнні на нашай тэрыторыі сучасных сродкаў абароны і стратэгічнага стрымлівання. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, паколькі сістэма стрымліванняў і проціваг, у тым ліку ў абароннай сферы, з'яўляецца адным са спосабаў абароны суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці любой краіны. Усе мы памятаем, як у 90-я гады ЗША, краіны Еўропы і ў цэлым Паўночнаатлантычны альянс гарантавалі пастаянную, поўную і безагаворачную бяспеку тады яшчэ маладой рэспубліцы ў абмен на вывад ядзерных арсеналаў з нашай тэрыторыі ў Расійскую Федэрацыю, - сказаў дэпутат. - Праз амаль 30 гадоў усе гэтыя дамоўленасці разбураны і нічога не варты, а абяцанні бяспекі забыты. Пры гэтым наша ваенна-стратэгічнае і аператыўна-тактычнае супрацоўніцтва з Расіяй прадугледжвае не проста назіранне збоку за працэсамі, якія адбываюцца, але і падтрымку адзін аднаго з прыняццем адэкватных мер рэагавання".

Паводле слоў Ігара Хлабукіна, калі ЗША размесцяць ядзерную зброю каля граніц Беларусі, наш адказ не павінен прымусіць сябе доўга чакаць. "Мы можам з поўнай падставай прасіць Расію размясціць ядзерную зброю на нашай тэрыторыі. Думаю, што гэта можа быць сучасная зброя стрымлівання, з ядзернымі зарадамі лакальнага дзеяння, строга зыходзячы з нашай абарончай ваеннай дактрыны. У сувязі з гэтым як ніколі актуальны прапановы грамадскасці аб выключэнні з Канстытуцыі Беларусі палажэнняў аб імкненні зрабіць тэрыторыю бяз'ядзернай зонай. Сёння ўсе ў свеце разумеюць, што поўнамаштабнага прымянення ядзернай зброі ўжо не будзе ніколі, гэта закране ўсе без выключэння бакі. Ад гэтага не скрыцца ні за акіянам, ні ў бункеры рознай глыбіні. Аднак упэўнены, што магчымасць прыняць меры ў адказ у нас павінна быць. Тым больш мы захавалі ваенную інфраструктуру базіравання ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння былой Савецкай Арміі", - нагадаў парламентарый.

Ён лічыць, што нагнятанне абстаноўкі, развіццё новага вітка гонкі ўзбраенняў і мілітарызацыі дзяржаў Еўропы эканамічна выгадна перш за ўсё ЗША як аднаму з сусветных ігракоў на рынку ваеннай тэхнікі і ўзбраення. "Фінансава-прамысловыя групы і магнаты патрабуюць ад сваіх урадаў павелічэння бюджэтнага фінансавання расходаў на абарону, крэдытавання эканомік іншых краін, у тым ліку пад пастаўкі сучаснага ўзбраення ў доўг. Мэта гэтага ўсяго адна - штучнае нагнятанне абстаноўкі, аднабаковая непрымірымая санкцыйная палітыка, адцягненне ўвагі насельніцтва сваіх краін ад унутраных пагроз і праблем, разагрэў гонкі ўзбраенняў, адыход ад дэфолтаў, адмова ад даўгоў і ў выніку фінансавае ўзбагачэнне, - упэўнены Ігар Хлабукін. - А бяспеку ў рэгіёне сумесна з Расіяй мы захаваем, пашыраючы дыялог з усімі зацікаўленымі прагрэсіўнымі сіламі, міжнароднымі арганізацыямі па дээскалацыі ваенных пагроз, умацоўваючы саюзніцкія адносіны, праз больш высокі ўзровень інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве, у тым ліку па шырокім спектры абароннага супрацоўніцтва, у інтарэсах грамадзян Беларусі і Расіі. Так гістарычна было заўсёды і будзе ў далейшым".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі