Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
25 лістапада 2021, 15:43

Дэлегацыя на чале з Качанавай прыняла ўдзел у міжнароднай парламенцкай канферэнцыі

25 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парламенцкая дэлегацыя Беларусі на чале са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай прыняла ўдзел у міжнароднай парламенцкай канферэнцыі "Усеагульны ахоп паслугамі аховы здароўя і Мэты ў галіне ўстойлівага развіцця", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Мерапрыемства арганізавана ў рэжыме відэаканферэнцыі Міжпарламенцкай асамблеяй дзяржаў - удзельніц СНД сумесна з Еўрапейскім рэгіянальным бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

У сваім выступленні Наталля Качанава адзначыла вынікі Беларусі ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця, ахарактарызавала сучасную сістэму аховы здароўя краіны і меры, прынятыя на дзяржаўным узроўні ва ўмовах пандэміі. "Пандэмія, якая ахапіла свет, прадэманстравала, наколькі важныя для кожнай краіны моцныя сістэмы аховы здароўя і гатоўнасць да работы ў надзвычайных сітуацыях. У такіх умовах крытычна неабходны нарошчванне патэнцыялу процідзеяння новым выклікам і неадкладны пошук шляхоў для забеспячэння ўсеагульнага ахопу паслугамі аховы здароўя", - сказала яна.

"З самага пачатку Беларусь ідзе сваім шляхам. Наш выбар мы зрабілі ўсвядомлена і ўзважана, таму што ўпэўнены: беларуская сістэма аховы здароўя з гэтым выклікам справіцца. Выбудавана сістэма аператыўнага прыняцця рашэнняў, дакладнага каардынавання і кантролю іх рэалізацыі на месцах. Створана разгалінаваная сетка арганізацый, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных і амбулаторна-паліклінічных умовах, ёсць значны ложкавы фонд. Рэспубліка забяспечана медыцынскімі кадрамі практыкуючага і навуковага звяна. Функцыянуе шматузроўневая сістэма санітарна-эпідэміялагічных службаў, інфекцыйныя бальніцы ў кожным рэгіёне. Пытанні процідзеяння пандэміі знаходзяцца на асабістым кантролі Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі", - канстатавала старшыня Савета Рэспублікі.

Для аператыўнага абмену інфармацыяй і рэагавання ў кожнай вобласці і сталіцы арганізаваны штабы, якія ўзначальваюць старшыні абласных і Мінскага гарадскога выканкамаў. Ложкавы фонд перапрафілюецца ў залежнасці ад эпідабстаноўкі. Прышчэпачныя пункты дзейнічаюць не толькі ў арганізацыях аховы здароўя, але і на прадпрыемствах, у гандлёвых цэнтрах, установах адукацыі, сацыяльнага абслугоўвання, працуюць выязныя брыгады. Наладжана вытворчасць сродкаў індывідуальнай аховы і дэзынфекцыі. Завяршаецца работа па лакалізацыі вытворчасці вакцыны "Спадарожнік V", ствараецца ўласная вакцына.

Арганізацыі аховы здароўя Беларусі прадаўжаюць аказваць экстранную і неадкладную дапамогу, поўнасцю выконваць планавае медыцынскае абслугоўванне, аж да высокатэхналагічных аперацый. Пад пільнай увагай дзяржавы - асобныя катэгорыі насельніцтва. Пажылыя, людзі з інваліднасцю атрымліваюць медабслугоўванне дома - ад прыёму аналізаў да кансультацый урачоў-спецыялістаў і дастаўкі рэцэптаў. Не спыняецца аказанне акушэрска-гінекалагічнай і перынатальнай медыцынскай дапамогі. Выразна выбудавана сістэма дапамогі маці і дзецям. Будуюцца і рэканструююцца аб'екты аховы здароўя, арганізацыі аснашчаюцца высокатэхналагічным медабсталяваннем.

"Дзейснасць і мабільнасць нашай сістэмы аховы здароўя чарговы раз пацвярджаюцца ў сітуацыі на беларуска-польскай граніцы. Мы занепакоены становішчам бежанцаў, асабліва цяжарных жанчын, дзяцей, людзей пажылога ўзросту. Калі размова ідзе пра жыццё і здароўе, мы, беларусы, не дзелім людзей на сваіх і чужых. Са свайго боку мы робім усё неабходнае для гэтых людзей, уключаючы пастаянны маніторынг брыгадамі медыцынскай дапамогі, урачэбныя агляды і кансультацыі, пры неабходнасці праводзіцца шпіталізацыя, прапанавана вакцынаванне для жадаючых. Аднак відавочна: неабходны рашэнні палітычнага характару на міжнародным узроўні", - адзначыла спікер.

"Беларусь заўсёды гатова дзяліцца сваім вопытам. Мы адкрыты да самага шырокага супрацоўніцтва з усімі зацікаўленымі партнёрамі ў інтарэсах стабільнага, здаровага і працвітаючага свету. Пандэмія COVID-19 паказала, што ва ўмовах распаўсюджвання інфекцыйных хвароб у сучасным глабалізаваным свеце краіны не могуць дзейнічаць паасобку. Паспяхова процістаяць такім выклікам магчыма толькі ў рамках адзінага міжнароднага падыходу. Разам мы павінны стварыць сістэму паўнацэннага забеспячэння пандэмічнай гатоўнасці і рэагавання, якая здольна забяспечыць бяспеку і здароўе людзей. У прыярытэце - устанаўленне ўстойлівых кантактаў і абмен найлепшымі практыкамі для дасягнення Мэт устойлівага развіцця і процідзеяння пандэміі COVID-19", - падкрэсліла Наталля Качанава.

Паводле яе слоў, задача парламентарыяў - у стварэнні надзейнай і празрыстай заканадаўчай базы для рэгулявання механізмаў рэагавання і эфектыўнага прымянення законаў у сферы надзвычайных сітуацый у галіне аховы здароўя. "Нам неабходна ажыццяўляць пастаянны абмен парламенцкімі практыкамі і развіваць міжпарламенцкія сувязі па гэтых пытаннях. Наш агульны абавязак перад цяперашнім і будучымі пакаленнямі - не дапусціць новых эпідэмій і пандэмій. Няхай COVID-19 будзе апошняй пандэміяй у гісторыі чалавецтва", - рэзюмавала спікер.

На пленарным пасяджэнні канферэнцыі выступілі дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Ханс Клюге, кіраўнікі парламенцкіх дэлегацый, кіраўнікі профільных галіновых саветаў СНД, міністэрстваў і ведамстваў краін СНД, кіраўнікі партнёрскіх міжнародных арганізацый і прадстаўнікі экспертнай супольнасці.

На канферэнцыі прайшлі пасяджэнні панэльных дыскусій "Роля парламентаў у заканадаўчым забеспячэнні права на доступ да паслуг грамадскай аховы здароўя і медыцынскай дапамогі ва ўмовах пандэміі" і "Права на ўсеагульны ахоп паслугамі аховы здароўя: усеагульны доступ да якаснай медыка-санітарнай дапамогі і абарона ад фінансавых рызык".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі