Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
21 сакавіка 2014, 18:30

Датэрміновае галасаванне на мясцовых выбарах у Беларусі ідзе больш актыўна ў параўнанні з кампаніяй 2010 года

21 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Датэрміновае галасаванне на бягучых выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі ідзе больш актыўна ў параўнанні з апошняй аналагічнай кампаніяй. Калі ў 2010 годзе за тры дні магчымасцю прагаласаваць датэрмінова скарысталіся 15 працэнтаў выбаршчыкаў, то ў гэтым годзе - ужо 16,79 працэнта ўнесеных у спісы выбаршчыкаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Рост актыўнасці выбаршчыкаў на гэтых выбарах сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік звязвае з некалькімі фактарамі. У гэтым годзе выбаршчыкі змаглі загадзя, яшчэ да паходу на выбарчы ўчастак, атрымаць неабходную інфармацыю аб сваіх кандыдатах у дэпутаты. Сціслыя біяграфічныя даныя былі разасланы выбарчымі камісіямі загадзя разам з запрашэннем наведаць участак. Гэта дапамагло загадзя сфарміраваць уяўленне аб прэтэндэнтах на дэпутацкі партфель і зрабіць свядомы выбар. "А калі рашэнне наспела, то навошта яго адкладаць?"- адзначыў Мікалай Лазавік. Ён дадаў, што датэрміновае галасаванне ў Беларусі стала добрай традыцыяй, выбаршчыкі пераканаліся, што гэта зручна. Прагаласаваўшы датэрмінова, можна выхадны дзень, а выбары пройдуць у нядзелю 23 сакавіка, прысвяціць асабістым справам.

Сваю ролю ў павелічэнні актыўнасці выбаршчыкаў адыгралі і СМІ, лічыць Мікалай Лазавік. Паводле яго назіранняў, журналісты ўдзяляюць выбарам у мясцовыя Саветы дэпутатаў 27-га склікання значна больш увагі, чым у 2010 годзе. Акрамя таго, у гэтым годзе ЦВК упершыню разаслаў выбаршчыкам СМС з запрашэннем прыняць удзел у галасаванні. Такое паведамленне атрымалі абаненты velcom, МТС і life. "Сёння складана знайсці чалавека, які нічога не чуў бы аб мясцовых выбарах і не ведаў, калі яны пройдуць", - сказаў сакратар ЦВК.

У той жа час актыўнасць перадвыбарнай агітацыі кандыдатаў у дэпутаты, на думку Мікалая Лазавіка, застаецца на ранейшым узроўні. Не ўсе прэтэндэнты на дэпутацкі партфель скарысталіся прадастаўленай ім магчымасцю і адкрылі спецыяльныя выбарчыя рахункі для дадатковага фінансавання сваёй агітацыі. Больш таго, некаторыя кандыдаты адмовіліся ад бясплатных радыёвыступленняў. Сакратар ЦВК звярнуў увагу на асаблівую катэгорыю кандыдатаў, якія называюць сябе спікерамі: "У іх іншая мэта - прапагандаваць свае ўстаноўкі, а не тлумачыць людзям, як яны будуць вырашаць праблемы мясцовага ўзроўню". Больш таго, мяркуючы па развагах, такіх палітыкаў больш цікавяць пытанні глабальнага маштабу, чым дэпутацкія будні, звязаныя з неабходнасцю шукаць магчымасці для рамонту дарогі, каналізацыі, рэзюмаваў Мікалай Лазавік.

У Беларусі зарэгістравана больш за 22 тыс. кандыдатаў у дэпутаты. Датэрміновае галасаванне на выбарах завершыцца 22 сакавіка. Выбарчыя ўчасткі будуць адкрыты з 10.00 да 14.00 і пасля перапынку з 16.00 да 19.00. Выбары назначаны на 23 сакавіка.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі