Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
13 лютага 2019, 10:44

Дапкюнас выступіў у штаб-кватэры ААН па праблемах няроўнасці і сацыяльнай інтэграцыі

13 лютага, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Кіраўнік беларускай дэлегацыі, намеснік міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас выступіў на 57-й сесіі Камісіі сацыяльнага развіцця ААН (КСР), якая прадоўжыцца да 21 лютага ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку.

Камісія сацыяльнага развіцця з'яўляецца дапаможным органам Эканамічнага і сацыяльнага савета ААН (ЭКАСАС) і займаецца пытаннямі скарачэння беднасці, сацыяльнай няроўнасці, а таксама пашырэннем міжнароднай палітыкі пабудовы сацыяльнай справядлівасці ў адносінах да найбольш слабаабароненых груп насельніцтва. Беларусь - член КСР на 2016-2020 гады, а таксама член ЭКАСАС на 2018-2020 гады. На цырымоніі адкрыцця сесіі ў якасці намесніка старшыні бюро ЭКАСАС выступіў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў.

Андрэй Дапкюнас быў запрошаны ў якасці асноўнага дакладчыка дыскусіі высокага ўзроўню па прыярытэтнай тэме цяперашняй сесіі КСР "Вырашэнне праблем няроўнасці і сацыяльнай інтэграцыі з дапамогай бюджэтна-падатковай палітыкі і палітыкі ў галіне аплаты працы і сацыяльнай абароны". У сваім выступленні намеснік міністра замежных спраў прадставіў вопыт Беларусі ў пераадоленні няроўнасці ў кантэксце дасягнення Мэт устойлівага развіцця (МУР). Беларускі дыпламат праінфармаваў аб выніках першага Нацыянальнага форуму па ўстойлівым развіцці, праведзенага ў Мінску 24 студзеня, у ліку рэкамендацый якога - неабходнасць удзяляць асаблівую ўвагу рэгіянальнаму развіццю для забеспячэння роўнасці магчымасцей і стандартаў жыцця для насельніцтва.

У якасці важнага напрамку ў пераадоленні няроўнасці Андрэй Дапкюнас назваў неабходнасць арганізацыі ў ААН сумеснай работы па прагназаванні грамадскіх змяненняў у выніку тэхналагічнага прагрэсу і рэагаванні на сацыяльныя перамены, у першую чаргу, у інтарэсах слабаабароненых груп насельніцтва.

Ён таксама звярнуў увагу на праблему павелічэння ўзроўню ўнутранай няроўнасці ў групе краін з сярэднім узроўнем даходу, да якой належыць Беларусь. Намеснік міністра падкрэсліў, што для павышэння эфектыўнасці намаганняў краін з сярэднім узроўнем даходу ў пераадоленні ўнутранай няроўнасці неабходны наладжванне абмену вопытам, умацаванне каардынацыі і больш эфектыўная і мэтанакіраваная падтрымка гэтай катэгорыі краін з боку сістэмы развіцця ААН, міжнародных фінансавых устаноў і рэгіянальных арганізацый.

У гэты ж дзень намеснік міністра прыняў удзел у арганізаваным Пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі і Контртэрарыстычным упраўленнем ААН круглым стале на тэму ўплыву новых і ўзнікаючых тэхналогій на міжнародныя намаганні па барацьбе з тэрарызмам.

У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел намеснік генеральнага сакратара ААН па барацьбе з тэрарызмам Уладзімір Варанкоў, кіраўнік Выканаўчага дырэктарата Контртэрарыстычнага камітэта ААН Мішэль Конінкс, памочнік генеральнага сакратара па інфармацыйных тэхналогіях Атэфех Рыязі, каардынатар маніторынгавай групы ААН па ІДІЛ/Аль-Каіда/Талібан Эдмунд Фітан-Браўн, запрошаныя эксперты, а таксама прадстаўнікі дзяржаў - членаў ААН.

Андрэй Дапкюнас адзначыў паслядоўныя намаганні Беларусі па ўмацаванні міжнароднага супрацоўніцтва па барацьбе з тэрарызмам. У прыватнасці, беларускі дыпламат нагадаў аб праведзенай у рэспубліцы восенню мінулага года рэгіянальнай канферэнцыі "Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху", а таксама анансаваў правядзенне восенню 2019 года новага знакавага мерапрыемства - сумеснай з ААН міжнароднай канферэнцыі "Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых і ўзнікаючых тэхналогій".

Намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства звярнуў увагу на каласальны патэнцыял, які маюць новыя і ўзнікаючыя тэхналогіі ў барацьбе з тэрарызмам, а таксама на патэнцыяльную пагрозу, што можа з'явіцца, калі гэтыя тэхналогіі трапяць у рукі тэрарыстам. Удзельнікі круглага стала пацвердзілі сур'ёзныя намаганні Беларусі ва ўмацаванні міжнароднага супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам, а таксама яе ўклад у падтрыманне міжнароднай бяспекі і стабільнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі