
16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь нацэлена на развіццё ўзаемапаважлівага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Экватарыяльнай Гвінеяй. Аб гэтым заявіў журналістам міністр замежных спраў Сяргей Алейнік па выніках візіту ўрадавай дэлегацыі Беларусі ў Экватарыяльную Гвінею, паведамляе БЕЛТА.
У час візіту беларускай дэлегацыі ў Малаба бакі, акрамя афіцыйных сустрэч на высокім узроўні, правялі сектаральныя перагаворы. Паводле слоў Сяргея Алейніка, кожная рабочая група дасягнула канкрэтнага выніку, вызначаны напрамкі сумеснай работы і праекты.
"Калі пералічваць усе тыя дамоўленасці, на якія мы стараемся выйсці і на якія, я ўпэўнены, мы зможам выйсці, то, напэўна, не хопіць вечара. Я хацеў бы яшчэ раз пацвердзіць нашу нацэленасць на развіццё ўзаемапаважлівага, узаемадавернага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Экватарыяльнай Гвінеяй, наша жаданне рухацца наперад па шляху ўмацавання і рэалізацыі эканамічнага патэнцыялу супрацоўніцтва нашых краін, - заявіў міністр. - Будзем лічыць усю тую работу, усе тыя дамоўленасці, якія мы ўзгаднілі, нашым дамашнім заданнем на бліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектыву".
Беларусь плануе ў 2024 годзе правесці ў Экватарыяльнай Гвінеі сваю нацыянальную выстаўку. У сваю чаргу партнёры з Экватарыяльнай Гвінеі запрошаны ў Мінск на аграпрамысловы тыдзень, які пройдзе ў маі наступнага года.
"Мы практычна ўзгаднілі новы пакет дакументаў, які, спадзяюся, будзе падпісаны ў бліжэйшы час у ходзе візіту нашага Прэзідэнта ў Экватарыяльную Гвінею. Гэты пакет уключае ў сябе каля 14 двухбаковых пагадненняў, якія рэгулююць узаемадзеянне ў розных галінах эканомікі, энергетыкі, навукі і тэхналогій, адукацыі, культуры, - расказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. - Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што мы едзем дадому не з пустымі рукамі. У падпісаным падагульняючым пратаколе зафіксаваны сур'ёзныя практычныя вынікі нашай сумеснай работы. Таму будзем рыхтавацца да выканання нашага дамашняга задання выключна на адзнаку "выдатна".
Беларусь і Экватарыяльная Гвінея абмяркоўваюць праекты па будаўніцтве птушкафабрык, аб'ектаў энергетычнай інфраструктуры, сацыяльнага жылля, прадпрыемстваў па вытворчасці будматэрыялаў. Бакі вывучаюць магчымасці сумеснай дзейнасці па перапрацоўцы рыбы. Беларусь гатова прадаставіць свае напрацоўкі па стварэнні аграрных кластараў і аказаць дапамогу ў сяўбе шэрага культур у Экватарыяльнай Гвінеі.
У стратэгічнай перспектыве бакі ўзаемна зацікаўлены ў стварэнні ў Экватарыяльнай Гвінеі вытворча-лагістычнага хаба беларускай прадукцыі, які таксама будзе выкарыстоўвацца ў тым ліку для яе паставак ў суседнія краіны Цэнтральнай і Заходняй Афрыкі.-0-