Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
29 верасня 2021, 09:16

Члены Канстытуцыйнай камісіі настойваюць на ліквідацыі нормы аб магчымасці адклікання дэпутатаў

29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Члены Канстытуцыйнай камісіі настойваюць на выключэнні з Асноўнага закона нормы аб магчымасці адклікання дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. У падтрымку гэтага пункту гледжання некаторыя з іх выказаліся 28 верасня на пашыраным пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі з удзелам кіраўніка дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Святлана Любецкая адзначыла, што за апошнія гады прэцэдэнтаў адклікання дэпутатаў у Беларусі не было. Аднак падзеі 2020 года паказалі, што дэструктыўныя сілы патэнцыяльна могуць выкарыстаць гэту магчымасць для маніпулятыўнага ўздзеяння на Палату прадстаўнікоў, каб паралізаваць работу органа дзяржаўнай улады, які павінен прымаць своечасовыя рашэнні.

Неабходнасць выключэння працэдуры адклікання дэпутатаў набывае яшчэ большую актуальнасць у сувязі з тым, што фарміраванне складу Усебеларускага народнага сходу будзе таксама звязана з дэпутацкім корпусам. "Мы павінны думаць і аб тым, што прадстаўніцтва (на УНС. - Заўвага БЕЛТА) павінна быць забяспечана за кошт стабільнага складу Палаты прадстаўнікоў. Акрамя таго, у нас згодна з законам работа ў парламенце на прафесійнай аснове, гэта фактычна сацыяльны дагавор", - заўважыла парламентарый.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка падтрымаў прапанову Святланы Любецкай. "Ва ўнітарнай дзяржаве дэпутат парламента павінен разглядацца як прадстаўнік усёй нацыі, а не асобнай выбарчай акругі, паколькі асноўная канстытуцыйная функцыя дэпутата - заканатворчасць - не абмяжоўваецца яго выбарчай акругай і ўплывае на жыццё ўсёй рэспублікі. Таму гэту норму нам трэба выключыць з Канстытуцыі", - упэўнены спікер ніжняй палаты парламента.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі