
3 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заклікі да ўзмацнення ваеннай прысутнасці ЗША ў краінах Усходняй Еўропы, што прагучалі на сустрэчы міністраў замежных спраў "Бухарэсцкай дзявяткі", праведзенай у польскім горадзе Лодзь, садзейнічаюць павышэнню градуса напружанасці ў рэгіёне да небывалага ўзроўню. Аб гэтым у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА заявіў ваенны аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Чарнабай.
Характэрна, што запрашэнне ЗША размясціць свае войскі ва ўсіх дзяржавах усходняга фланга НАТА зроблена напярэдадні саміту Паўночнаатлантычнага альянсу ў Вільнюсе, рашэнні якога заходнімі СМІ ўжо анансуюцца як ключавыя. Можна меркаваць, што на маючым адбыцца ў ліпені форуме ў літоўскай сталіцы чарговы раз будуць разглядацца пытанні ўзмоцненай ваеннай прысутнасці саюзнікаў па блоку, у тым ліку Злучаных Штатаў, у краінах Усходняй Еўропы.
Адкрыта правакацыйнымі ў гэтым плане выглядаюць заявы міністра замежных спраў Румыніі, які заклікаў "зрабіць усё магчымае для павелічэння прысутнасці ЗША ў рэгіёне з пункту гледжання салдат і ваеннай тэхнікі", а таксама міністра замежных спраў Эстоніі Урмаса Рэйнсалу, які запатрабаваў ануляваць асноватворны акт Расія - НАТА 1997 года, што адкрые шлях да размяшчэння ваенных баз НАТА і ЗША ў краінах Усходняй Еўропы ўжо не на ратацыйнай, а на пастаяннай аснове, лічыць аналітык.
Ваенна-палітычная абстаноўка ў рэгіёне імкліва змяняецца, што толькі пацвярджае актуальнасць яе ацэнкі, дадзенай Прэзідэнтам Беларусі ў час звароту з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, а таксама правамернасць і мэтазгоднасць мер, якія прымаюцца Мінскам і Масквой у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы, рэзюмаваў Чарнабай.-0-