Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
17 лістапада 2019, 09:15

Больш як 35 працэнтаў беларусаў датэрмінова прагаласавалі на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў

17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. За пяць дзён датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання яўка выбаршчыкаў склала 35,77 працэнта. Такія даныя размешчаны на сайце ЦВК, паведамляе БЕЛТА.

Паводле даных Цэнтрвыбаркама, у Брэсцкай вобласці прагаласавалі 33,67 працэнта выбаршчыкаў ад агульнай колькасці ўключаных у спісы па рэгіёне. У Віцебскай вобласці яўка склала 38,26 працэнта, у Гомельскай - 39,41 працэнта, у Гродзенскай - 36,50 працэнта. У Мінскай вобласці на выбарчыя ўчасткі за пяць дзён датэрміновага галасавання прыйшлі 37,49 працэнта выбаршчыкаў, у Магілёўскай - 39,11 працэнта, у Мінску - 28,56 працэнта.

Усяго ў спісы выбаршчыкаў уключаны амаль 6,9 млн чалавек.

Датэрміновае галасаванне на выбарах стартавала 12 лістапада і прадоўжылася да 16 лістапада ўключна.

Асноўны дзень галасавання - 17 лістапада. Для правядзення выбараў у Палату прадстаўнікоў створана 110 выбарчых акруг, сфарміраваны 5831 участак для галасавання, у тым ліку 46 за межамі краіны.

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў праводзяцца па аднамандатных выбарчых акругах. Для вызначэння рэзультатаў выкарыстоўваецца мажарытарная выбарчая сістэма адноснай большасці. Прызнаецца, што выбары адбыліся, калі ў галасаванні прынялі ўдзел больш за палавіну выбаршчыкаў акругi, уключаных у спісы. Выбраным лічыцца кандыдат, які атрымаў найбольшую колькасць галасоў.

Выбарчыя ўчасткі ў краіне адкрыліся ў 8.00 і будуць працаваць да 20.00. На тых, што ўтвораны ў воінскіх часцях, санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, участковыя камісіі могуць аб'явіць галасаванне завершаным і раней за 20.00, калі прагаласавалі ўсе выбаршчыкі, уключаныя ў спіс.

Бюлетэнь выдаецца пры прад'яўленні пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь або іншых дакументаў. Да іх аднесены службовае пасведчанне дзяржаўнага служачага, студэнцкі білет, вадзіцельскае пасведчанне, ваенны білет (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), пенсійнае пасведчанне (пры наяўнасці ў ім фатаграфіі), даведка органаў унутраных спраў (для грамадзян, якія страцілі пашпарт), а таксама пасведчанне аб інваліднасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі