Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
15 ліпеня 2021, 12:06

Беларускія патрыятычныя сілы звярнуліся да народа Літвы і Латвіі

15 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія партыі, прафсаюзы і грамадскія аб'яднанні накіравалі зварот народам Літвы і Латвіі, паведамляе БЕЛТА.

"Змацаваныя шматлікімі эпізодамі агульнай гісторыі, звязаныя мноствам культурных, гандлёва-эканамічных і проста сямейных ніцей, нашы народы стагоддзямі жылі ў дружбе і ўзаемаразуменні. Працавітым і разважлівым беларусам заўсёды не складана было зразумець гаспадарлівых латышоў і літоўцаў. Мы столькі гадоў жылі ў міры і дружбе, ездзілі ў госці, шчыра віншавалі адзін аднаго са святамі, ганарыліся поспехамі. Не хочам варагаваць і цяпер. Беларусы нічым і ніколі не пагражалі вам, і з нашага боку вы ніколі і нічога не апасаліся, - гаворыцца ў звароце. - Як жа магло здарыцца, што стагоддзямі правераную дружбу і ўзаемаразуменне, эканамічнае і гуманітарнае супрацоўніцтва паставілі на грань існавання амбіцыі некаторых прадстаўнікоў кіруючых эліт у вашых краінах? Хіба можна было ўявіць, што Дзяржаўны сцяг Беларусі будуць здымаць са сталічнага флагштока латвійскія палітыкі, а Вільнюс стане афіцыйным прыстанішчам тых, хто здрадзіў беларускаму народу? Ці не здаецца вам, дарагія суседзі, што нехта свядома займаецца падменай паняццяў, убіваючы клін у адносіны паміж нашымі краінамі? І робіцца гэта зусім не ў Мінску".

Аўтарам звароту незразумела імкненне некаторых палітыкаў і дыпламатаў Літвы і Латвіі насаліць блізкім суседзям і партнёрам на карысць брусельскай бюракратыі.

"Ангажыраваныя сродкі масавай інфармацыі расказваюць вам, што санкцыі супраць Беларусі прадыктаваны клопатам пра беларускі народ, які, нібыта, мае патрэбу ў абароне і заступніцтве. Аднак нават чалавеку, далёкаму ад палітыкі і эканомікі, відавочна, што санкцыі б'юць у першую чаргу па простых людзях, па нашых сем'ях, дзецях. Якая ж тут дэмакратыя і клопат пра народ? Такі "клопат" нам не патрэбны. Мы хочам проста жыць на сваёй зямлі і самі вызначаць свой лёс, без націску звонку. Недальнабачныя палітыкі Вільнюса і Рыгі заклікаюць зацягнуць эканамічную пятлю на шыі беларускага народа. Але вам трэба зразумець, што правіла бумеранга ніхто не адмяняў, - адзначаецца ў звароце. - Сектаральныя санкцыі ў адносінах да Беларусі ўжо цяпер балюча б'юць па эканоміцы вашых дзяржаў. Факты сведчаць аб гэтым. Напрыклад, на беларускі транзіт прыпадала трэць загрузкі Клайпедскага порта. "Беларуськалій" зможа лёгка замясціць асноўны аб'ём транзіту, а прайграе Літва, з Клайпедскага порта якой беларускі калій можа знікнуць назаўсёды. І замену яму знайсці, хутчэй за ўсё, будзе немагчыма. А навошта тады гэта мега-праграма рэканструкцыі Клайпедскага порта на сотні мільёнаў еўра, калі знікнуць грузы, для якіх уся гэта рэканструкцыя задумвалася?"

Таксама аўтары звароту лічаць, што паралельна ахвярай стане АТ "Літоўскія чыгункі", чвэрць грузавых перавозак якога забяспечвае Беларусь. Міністэрства камунікацый і транспарту Літвы ўжо заяўляла, што літоўская дзяржаўная чыгуначная група Lietuvos geležinkeliai можа страціць 20 працэнтаў грузаабароту, або да 14 млн еўра даходаў у год. І гэта толькі па ўгнаеннях. А яшчэ нафтапрадукты, зборы за выкарыстанне чыгуначнай інфрастуктуры - гэта не адзін дзясятак мільёнаў еўра.

"Няўжо літоўцам гэта выгадна? Тут відавочна чыйсьці старонні інтарэс, але ніяк не літоўскі або беларускі. За гэтым па прынцыпе даміно пацерпяць і мноства іншых прадпрыемстваў. Але ўсё магло быць зусім інакш, і ад канструктыўнага супрацоўніцтва дзвюх краін выйгралі б перш за ўсё простыя людзі. Наглядны прыклад: як толькі з'явіўся праект Беларускай атамнай станцыі, Мінск адразу ж прапанаваў Вільнюсу сумесна эксплуатаваць АЭС з улікам высокай цаны на электраэнергію ў краінах Балтыі. Але замест гэтага літоўцы сталі дабівацца закрыцця аб'екта. У выніку станцыя працуе, Літва адчувае востры дэфіцыт электраэнергіі, а яе грамадзяне, адпаведна, пакутуюць ад высокіх цэн на яе, - падкрэсліваецца ў дакуменце. - Быў час, калі беларускія турысты забяспечвалі пасажырапаток Вільнюскага аэрапорта, які ў народзе сталі называць "Мінск 3". Сёння авіякампаніі, якія пазбягаюць беларускай паветранай прасторы, сутыкнуліся з дадатковымі затратамі часу і паліва. А яшчэ зусім нядаўна, да пандэміі каранавіруса, рэйсы паміж Мінскам і Рыгай былі вельмі запатрабаваны. І яшчэ зусім нядаўна латвійскі авіяперавозчык airBaltic планаваў аднавіць на гэтым маршруце да трох рэйсаў у тыдзень. Столькі ж павінна была рабіць "Белавія". Паводле ацэнак кіраўніка airBaltic Марціна Гауса, калі цяперашняя сітуацыя зацягнецца, латвійскі авіяперавозчык страціць амаль два мільёны еўра ў год. Адпаведна, і бюджэт краіны недаатрымае падаткі ад такога буйнога плацельшчыка. Вільнюскі "Акропаліс", ды і іншыя гандлёвыя цэнтры - колькі беларускіх грошай праходзіла праз іх касы? Адказ на гэта пытанне ўсім цудоўна вядомы".

У звароце гаворыцца, што беларускія пагранічнікі надзейна забяспечвалі бяспеку Літвы ад наркатрафіка і мігрантаў з краін Азіі, Афрыкі і Блізкага Усходу. Цяпер Літва скардзіцца, што апошнім часам краіну накрыла хваля нелегалаў, якія перамяшчаюцца ў ЕС транзітам цераз Беларусь.

"І калі раней мы бралі на сябе ўсю нагрузку па абароне Літвы ад іх, то цяпер, ва ўмовах санкцый, наўрад ці зможам і далей траціць велізарныя грошы на тое, каб ахоўваць вас ад знешніх пагроз так, як гэта рабілася раней. Увогуле, лепш ад санкцый не стала нікому. Як бы там ні было, але супрацоўніцтва з Беларуссю было вельмі выгадна і для Літвы, і для Латвіі, давала працу вашым сем'ям, папаўняла ваш дзяржаўны бюджэт, з якога выплачваюцца зарплаты настаўнікам і ўрачам, пенсіі старым, дапамогі дзецям. Але нават не ў грошах шчасце. Шчасце - гэта калі сусед добры. Гатовы дапамагчы ў цяжкую хвіліну. Які лічыць суседзяў за людзей, а не за нечы "санітарны кардон". Упэўнены, што з імі - суседзямі, Богам дадзенымі людзьмі, можна размаўляць і трэба дамаўляцца, - перакананы аўтары звароту. - Беларусь з павагай паставілася да еўрапейскай інтэграцыі Латвіі і Літвы, паколькі вызначаць стратэгічны курс свайго развіцця - суверэннае права незалежных дзяржаў. Па гэтай жа прычыне наша краіна разлічвала і разлічвае сёння, што мае права чакаць такой жа павагі да ўласнага шляху развіцця".

Аўтары звароту да народаў Літвы і Латвіі заклікаюць не падпадаць пад уплыў звонку, уплыў кучкі збеглых палітыканаў. "Усё ў вашых руках. Мы, беларусы, хочам і далей жыць у міры і згодзе з іншымі краінамі і ўсімі народамі. Прыязджайце ў Мінск, у любы іншы горад Беларусі, каб на ўласныя вочы ўбачыць сапраўднае жыццё беларускага народа. Не бойцеся, тут прыгожа, спакойна і бяспечна. Тут не тая краіна, пра якую вам расказваюць тыя, хто сёння стараецца пасварыць нашы народы. Мы заклікаем вас, дарагія сябры, данесці гэтыя думкі да палітычнага кіраўніцтва сваіх краін. Давайце вернем атмасферу добрасуседства і ўзаемаразумення ў наш агульны еўрапейскі рэгіён і будзем глядзець адзін на аднаго як добрыя суседзі, сябры і партнёры. Давайце прыслухаемся да голасу розуму і сапраўдных памкненняў нашых народаў!" - рэзюмуецца ў пасланні.

Да звароту да народаў Літвы і Латвіі далучыліся рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні "Патрыёты Беларусі" і "Белая Русь", грамадскія аб'яднанні "Беларускі саюз жанчын", "Беларускі саюз журналістаў", "Саюз пісьменнікаў Беларусі", Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Інфармацыйна-аналітычная ўстанова "Круглы стол дэмакратычных сіл", Асацыяцыя грамадскіх аб'яднанняў "Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў", Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі