
26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасол Беларусі ў Казахстане Павел Уцюпін прыняў удзел у прэзентацыі мастацкага фільма "Лета 1941 года". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Казахстане.
У прэзентацыі ўдзельнічалі таксама віцэ-міністр культуры і спорту Рэспублікі Казахстан Нуркіс Дауешаў, рэжысёр карціны Бекбулат Шэкераў, кіраўнікі дыпламатычнага корпуса, прадстаўнікі дзяржаўных органаў і парламента Казахстана, ветэранскай арганізацыі, беларускіх этнакультурных аб'яднанняў і СМІ.
Сустрэча стала часткай мерапрыемстваў, прымеркаваных да 30-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Казахстанам. Яна была арганізавана Міністэрствам культуры і спорту Казахстана сумесна з Дзяржаўным цэнтрам падтрымкі нацыянальнага кіно і пасольствам Беларусі.
Мастацкая карціна "Лета 1941 года" была створана па заказе Міністэрства культуры і спорту Казахстана. Нуркіс Дауешаў адзначыў: фільм уяўляе сабой гісторыю баявога шляху казахскага вучонага, пісьменніка і грамадскага дзеяча Адзі Шарыпава, які адным з першых узначаліў партызанскі атрад у акупіраванай немцамі Беларусі. У карціне паказаны адрэзак жыцця Шарыпава - ад першага яго бою да моманту ранення ў 1944 годзе. Здымкі фільма праходзілі ў месцах, дзе ў час вайны разгараліся найбольш бязлітасныя баі з фашыстамі. Асноўныя здымачныя лакацыі размяшчаліся ў Беларусі, некаторыя сцэны здымалі ў Алмацінскай вобласці Казахстана.-0-