4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Законапраект "Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў" плануюць разгледзець дэпутаты ў двух чытаннях на чарговым пасяджэнні 5 мая, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.
Першае чытанне папярэднічае папраўкам у законы аб аператыўна-вышуковай дзейнасці, аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі.
Пералікам пытанняў прадугледжана таксама ратыфікацыя міжурадавага беларуска-казахстанскага пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне міграцыі, другога дадатковага пратакола да Сусветнай паштовай канвенцыі, праекта закона аб далучэнні Беларусі да Маракешскага дагавора аб аблягчэнні доступу сляпых і асоб з парушэннямі зроку або іншымі абмежаванымі магчымасцямі ўспрымаць друкаваную інфармацыю да апублікаваных твораў.
Парламентарыі разгледзяць і пытанне аб дэкрэце ад 9 красавіка 2020 года нумар 1, якім шэраг дзеючых дэкрэтаў кіраўніка дзяржавы прыводзіцца ў адпаведнасць з навацыямі закона па пытаннях удасканалення працоўных адносін ад 18 ліпеня 2019 года. Прынятыя раней дэкрэты адкарэкціраваны, зыходзячы са змяненняў, унесеных гэтым законам у Працоўны кодэкс, у тым ліку ў сувязі з уключэннем у яго палажэнняў аб прымяненні кантрактнай формы найму.
Як паведамлялася, законапраект па даручэнні Прэзідэнта падрыхтаваў Вярхоўны суд. У гэтым годзе кола асоб, якія трапляюць пад амністыю, пашырана. Так, у яго ўключаны непаўналетнія, якія ўчынілі злачынствы ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў. На іх будзе распаўсюджвацца гэта мера, незалежна ад частак арт. 328 Крымінальнага кодэкса. Пры гэтым для асуджаных будзе задзейнічаны інстытут паручыцельства. Хадайніцтвы будуць разглядацца толькі тады, калі разам з матэрыяламі справы паступяць паручыцельствы ад блізкіх сваякоў, што яны возьмуць на парукі дзяцей і тыя будуць на асаблівым кантролі. Паручыцелі павінны прыкласці канкрэтны пералік мер, як будуць сацыялізаваць вызваленых.-0-