Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
12 красавіка 2021, 16:19

Беларуская мэбля і хрусталь як пасаг для азербайджанскіх нявест

Беларуская прадукцыя карыстаецца попытам у Азербайджане, а мэблю і хрусталь падносяць азербайджанскім нявестам у якасці пасагу. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Азербайджанскай Рэспубліцы Андрэй Раўкоў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў, якая яшчэ прадукцыя пастаўляецца на рынак гэтай краіны, як развіваецца беларуска-азербайджанскае супрацоўніцтва і якія пытанні будуць абмяркоўвацца ў час маючага адбыцца візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Баку.

- Андрэй Аляксеевіч, як вы ацэньваеце беларуска-азербайджанскае супрацоўніцтва?

- Узаемадзеянне Беларусі з Азербайджанам паступальна развівалася на працягу апошняй чвэрці стагоддзя, з моманту ўсталявання дыпламатычных адносін. За гэты перыяд мы прайшлі сур'ёзны шлях ад хаатычных кантактаў паміж дзвюма невялікімі рэспублікамі, якія знаходзяцца на розных канцах вялікага былога Савецкага Саюза, да сапраўды стратэгічнага партнёрства дзвюх суверэнных дзяржаў.

Адназначна можна сказаць, што фундаментальную ролю ў гэтым адыгралі цёплыя, даверныя адносіны паміж лідарамі нашых краін Аляксандрам Лукашэнкам і Ільхамам Аліевым.

Асновай супрацоўніцтва, безумоўна, выступае эканоміка. Не адстае і гуманітарная сфера: устаноўлены трывалыя сувязі паміж навуковымі таварыствамі, паспяхова развіваецца ўзаемадзеянне ў галінах культуры, адукацыі і аховы здароўя.

Акрамя таго, важнае значэнне мае стаўшая ўжо традыцыйнай узаемная падтрымка Беларусі і Азербайджана на міжнароднай арэне.

- Якія самыя актуальныя пытанні сёння на парадку дня ва ўзаемадзеянні Беларусі і Азербайджана? Якія двухбаковыя праекты вы назвалі б у ліку найбольш паспяховых?

- Галоўная задача, пастаўленая Прэзідэнтам усёй сістэме органаў дыпламатычнай службы, - развіццё экспартна арыентаванага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У сваёй дзейнасці мы кіруемся менавіта гэтай устаноўкай.

У мінулым годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Азербайджанам наблізіўся да паўмільярда долараў. Азербайджан увайшоў у топ-15 буйнейшых гандлёвых партнёраў Беларусі.

Паспяхова развіваецца супрацоўніцтва ў нафтавай сферы: азербайджанская сыравіна паступае на Мазырскі НПЗ для далейшай перапрацоўкі.

З 2007 года на Гянджынскім аўтамабільным заводзе дзейнічае зборачная вытворчасць прадукцыі беларускага машынабудавання. За час супрацоўніцтва на азербайджанскай тэрыторыі сабрана больш за 11,5 тыс. беларускіх трактароў, а таксама каля 3,5 тыс. адзінак тэхнікі МАЗ, "АМКАДОР", "Белкамунмаш" і "Гомсельмаш".

Беларусь удзельнічае ў мадэрнізацыі чыгуначнай інфраструктуры Азербайджана, пастаўляючы сучасныя пасажырскія паязды і лакаматывы Stadler беларуска-швейцарскай вытворчасці.

Хачу адзначыць, што ў мясцовага насельніцтва вялікай папулярнасцю карыстаецца беларуская харчовая прадукцыя. Нашы малочныя і мясныя прадукты можна знайсці не толькі ў сетцы магазінаў "Беларускі", але і ў любым буйным маркеце Азербайджана.

- Як ідзе рэалізацыя дамоўленасцей, дасягнутых у час афіцыйнага візіту ў лістападзе 2018 года Прэзідэнта Азербайджанскай Рэспублікі Ільхама Аліева ў Беларусь?

- Па выніках гэтага візіту Прэзідэнт Беларусі падпісаў адпаведны пратакол даручэнняў. Прыемна адзначыць, што практычна ўсе пытанні дэталёва прапрацаваны і рэалізаваны. Цяпер затрымка ёсць толькі з праектам у транспартнай сферы, вяртанне да якога магчыма толькі пасля зняцця каранцінных абмежаванняў.

- Як COVID-19 паўплываў на развіццё кантактаў паміж дзвюма краінамі?

- Не адкрыю вялікага сакрэту, сказаўшы, што пандэмія аказала негатыўны ўплыў на інтэнсіўнасць кантактаў на ўсіх узроўнях. Калі ў 2019 годзе адбылося каля 100 узаемных візітаў прадстаўнікоў ведамстваў, прадпрыемстваў і дзелавых колаў дзвюх краін, то ў 2020 годзе іх колькасць скарацілася ў разы, узаемадзеянне перайшло ў анлайн-рэжым. Сур'ёзны ўрон нанесены турыстычнай індустрыі і пасажырскім перавозкам.

Азербайджан выбраў такую ​​стратэгію барацьбы з каранавірусам, пры якой ужо больш за год дзейнічае забарона на правядзенне масавых мерапрыемстваў. Людзі адмовіліся ад шырокага святкавання вяселляў, юбілеяў і іншых знамянальных падзей. Паводле меркаванняў дылераў, гэта акалічнасць стала асноўнай прычынай спаду экспарту прадукцыі дрэваапрацоўкі і шкляных вырабаў, а менавіта ж беларускія мэбля і хрусталь традыцыйна з'яўляюцца адным з лепшых пасагаў для нявесты, часта бываюць каштоўнымі падарункамі.

- Якія асноўныя пытанні плануецца абмеркаваць у ходзе маючага адбыцца візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Баку? Ці плануецца падпісанне дакументаў?

- Візіт кіраўніка дзяржавы за мяжу - заўсёды вельмі адказнае і важнае мерапрыемства. І гэта не толькі палітычная падзея. У час яго падрыхтоўкі і правядзення ажыццяўляецца рэвізія існуючых дамоўленасцей, намячаюцца новыя патэнцыяльныя вектары ўзаемадзеяння.

У рамках маючага адбыцца візіту плануецца абмеркаванне шырокага кола пытанняў: прамысловая кааперацыя, рэалізацыя бягучых і перспектыўных праектаў у галіне вытворчасці і паставак прадуктаў харчавання, перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, супрацоўніцтва ў ахове здароўя, навукова-тэхнічнай, адукацыйнай і турыстычнай сферах. Плануецца падпісанне шэрага міжведамасных дакументаў і некалькіх камерцыйных кантрактаў.

Аліна ГРЫШКЕВІЧ,

БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі