Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
03 чэрвеня 2019, 19:22

Беларусь зацікаўлена ў славацкім вопыце мясцовага самакіравання - Мясніковіч

3 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў славацкім вопыце мясцовага самакіравання, заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч журналістам па выніках сустрэчы з парламенцкай дэлегацыяй Славакіі на чале са старшынёй Нацыянальнага савета Андрэем Данкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міхаіл Мясніковіч праінфармаваў, што цяпер у Беларусі праводзіцца работа па магчымым унясенні змяненняў і дапаўненняў у дзеючую Канстытуцыю. У сувязі з гэтым, паводле яго слоў, актуальна тэма развіцця мясцовага самакіравання. "Безумоўна, нас цікавілі пытанні, звязаныя з мясцовым самакіраваннем. Цяпер у мэтах выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы мы працуем у гэтай сферы. І як правільна размеркаваць паўнамоцтвы паміж цэнтрам і рэгіёнамі - тут вопыт Славакіі проста бясцэнны для нас", - сказаў старшыня Савета Рэспублікі.

Як адзначыў Андрэй Данка, Славакія сапраўды дасягнула пэўных поспехаў у гэтым плане. Разам з тым ёсць і некаторыя недахопы, у прыватнасці, у сферы адукацыі і аховы здароўя.

На сустрэчы бакі абмяркоўвалі таксама функцыянаванне буйных прамысловых прадпрыемстваў у сучасных эканамічных умовах. Размова ішла аб тым, як больш эфектыўна распарадзіцца тым інтэлектуальным і прамысловым патэнцыялам, які ў іх сканцэнтраваны.

Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што развітая дагаворна-прававая база садзейнічае развіццю беларуска-славацкага супрацоўніцтва. Разам з тым, лічыць спікер, яе неабходна пашыраць, асабліва па тых напрамках, якія цікавыя моладзі: навука, адукацыя, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, культура, спорт. Да таго ж у Беларусі пачынае зараджацца маладзёжны парламент, і ёсць сэнс падумаць аб сумесных мерапрыемствах для маладых палітыкаў дзвюх краін.

Дэлегацыя Славакіі наведала музей Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальную бібліятэку. Старшыня Нацыянальнага савета выказаў захапленне тым, як Беларусь паважае сваю гісторыю, традыцыйныя каштоўнасці. Андрэй Данка таксама адзначыў якасць беларускіх прадуктаў харчавання, асабліва малочнай прадукцыі, якую таксама ўдалося паспытаць.

Бакі падкрэслілі значнасць і актуальнасць парламенцкага візіту такога высокага ўзроўню. Ён, упэўнены ўдзельнікі сустрэчы, пасадзейнічае рэальнаму паляпшэнню і ўмацаванню даверу і павелічэнню колькасці сумесных праграм і праектаў.

Тавараабарот паміж Беларуссю і Славакіяй у 2018 годзе склаў $217,9 млн. Знешнегандлёвае сальда склалася дадатнае ў памеры $10,1 млн. У студзені-сакавіку 2019 года тавараабарот паміж краінамі склаў $54,5 млн і павялічыўся на 18,5 працэнта да аналагічнага перыяду 2018-га.

У Беларусі дзейнічаюць 11 сумесных і 7 замежных прадпрыемстваў з удзелам славацкага капіталу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі