Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
02 красавіка 2021, 15:02

Беларусь зацікаўлена ў новых інтэграцыйных праектах з РФ - Крутой

2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэгіянальнае супрацоўніцтва, новыя магчымыя інтэграцыйныя праекты паміж буйнымі прадпрыемствамі Беларусі і Расіі ў эканамічным складніку Саюзнай дзяржавы адыгрываюць першарадную ролю. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой у час урачыстага сходу "Саюзная дзяржава: адкрываючы новыя магчымасці", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Чвэрць стагоддзя - добры тэрмін, каб падводзіць вынікі і намячаць планы на будучыню. Калі азірацца на ўвесь гэты перыяд, то тыя базавыя мэты, якія ставілі прэзідэнты пры падпісанні першага дагавора і ўсіх наступных, на сённяшні дзень паспяхова рэалізуюцца. Працэс паглыбленай інтэграцыі ўсё ж такі ідзе. І ўвесь час мы нейкія рэчы стараемся алічбаваць і паказаць у нейкіх колькасных параметрах, каб зразумець узровень, якога дасягнулі", - сказаў Дзмітрый Крутой.

У эканамічным вымярэнні ён адзначыў некалькі асноўных напрамкаў работы з расійскімі калегамі. "Гэта знешні гандаль: тут рост нашага тавараабароту (як нашага экспарту, так і расійскага - у Рэспубліку Беларусь) - у 6 разоў за гэтыя 25 гадоў. Мне здаецца, гэта значная лічба. Пачыналі з $5 млрд, у мінулым годзе было $30 млрд. Зразумела, пандэмія паўплывала на гэтыя лічбы. Але ў адносінах з РФ невялікае змяншэнне значна ніжэйшае, чым з іншымі краінамі", - сказаў ён.

Другое вымярэнне - інвестыцыі. Расійская Федэрацыя з'яўляецца інвестарам нумар адзін. Цяпер 2,4 тыс. кампаній з расійскім капіталам працуюць на беларускім рынку. Іх колькасць павялічылася даволі значна за 25 гадоў. Паводле слоў Дзмітрыя Крутога, створаны камфортныя ўмовы: у нас адна мова, прыкладна блізкае заканадаўства, зразумелыя інвестыцыйныя рэжымы.

"Ёсць рэчы, якія часта выстаўляюцца ў негатыўным святле, - бар'еры, перашкоды, якія існуюць на нашым унутраным рынку і над якімі ўся саюзная вертыкаль павінна працаваць, каб яны ўстараняліся. Але яны крытычна не ўплываюць на працэс фарміравання адзінай эканамічнай прасторы, таму што менавіта гэта мэта закладзена як нейкі канчатковы вынік у нашым дагаворы. Больш за 30 зборачных вытворчасцей цяпер працуе ў Расіі. Мы маем прыклады вельмі значных інвестыцыйных праектаў: гэта і космас, і атамная станцыя і г.д. І галоўная мэта сённяшняй работы ў секцыях, панэльных дыскусій - выявіць новыя магчымыя інтэграцыйныя праекты, якія мы можам прапанаваць нашым калегам", - дадаў Дзмітрый Крутой.

Ён нагадаў, што 5-7 гадоў таму былі гучныя інтэграцыйныя праекты паміж беларускімі і расійскімі прадпрыемствамі МАЗ - КамАЗ, "Гродна-Азот" - "Еўрахім", "Пеленг" - "Раскосмас" і інш. Ні па адным з іх няма адзіных сумесных прадпрыемстваў, з-за чаго такая тэма перыядычна ўсплывае ў прэсе. "Хачу сказаць, што гэтыя кампаніі вельмі цесна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой нават у рамках самастойных адносін. Але калі мы такія ініцыятывы, асабліва новыя праекты з нуля, згенерыруем, гэта будзе самым вялікім плюсам у нашым двухбаковым парадку дня", - падкрэсліў Дзмітрый Крутой.

Трэцяе вымярэнне - міжрэгіянальнае супрацоўніцтва: Форум рэгіёнаў, прамыя пагадненні паміж суб'ектамі РФ і нашымі гарадамі і абласцямі. "Гэта рэгіянальнае вымярэнне, гэтыя ніці, якія нас звязваюць, на мой погляд, з'яўляюцца самым важным, што ёсць сёння ў нашым саюзе", - лічыць намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Сёння ў Палацы Рэспублікі ў Мінску праходзіць урачысты сход "Саюзная дзяржава: адкрываючы новыя магчымасці", прысвечаны Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. Удзельнічаюць у мерапрыемстве кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і яго прадстаўніцтва ў Мінску, грамадскіх аб'яднанняў і інш. Да мерапрыемства ў анлайн-фармаце падключаны студыі ў Маскве.

У праграме тэматычныя экспертныя абмеркаванні "Адзіная прававая прастора, абарона і бяспека - фундамент Саюзнай дзяржавы", "Эканамічны патэнцыял Саюзнай дзяржавы: стан і шляхі развіцця", "Сацыяльныя праекты і моладзь як рэсурс інавацыйнага развіцця Саюзнай дзяржавы".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі