22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у Нью-Ёрку прыняў удзел у нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў МЗС АДКБ на палях сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Уладзімір Макей праінфармаваў аб прыярытэтах Беларусі на 77-й сесіі ГА ААН: пашырэнне прынцыпаў справядлівасці, раўнапраўя і шматбаковасці, павагі суверэнітэту дзяржаў-членаў, недапушчальнасці прымянення аднабаковых прымусовых мер і санкцый у парушэнне Статута ААН.
Міністр адзначыў, што важным складнікам пазіцыі Беларусі на Генеральнай Асамблеі будзе заклік да процістаяння дыскрымінацыйнай практыцы ў ААН па дзяржпрыкмеце, палітыцы "культуры адмены", адвольным выключэнні дзяржаў з міжнародных структур, нявыдачы віз афіцыйным прадстаўнікам і інш.
Беларусь таксама сканцэнтруе свае намаганні на процідзеянні краінавым мандатам і антыбеларускім ініцыятывам; пашырэнні чарнобыльскай праблематыкі; умацаванні каардынацыі міжнародных намаганняў па барацьбе з гандлем людзьмі; падтрымцы натуральнай сям'і.
Уладзімір Макей нагадаў аб ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі аб пачатку глабальнага працэсу з уключэннем усіх міжнародных ігракоў у духу Сан-Францыска, вынікам якога павінны стаць зразумелыя, празрыстыя дамоўленасці аб правілах новага сусветнага правапарадку.
Міністр таксама заклікаў да неабходнасці выпрацоўкі прынцыпаў карпаратыўнай салідарнасці. Прапанаваў выпрацаваць адпаведны механізм у АДКБ.-0-