Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
22 лютага 2022, 17:20

Беларусь з павагай і разуменнем успрыняла рашэнне Расіі аб прызнанні незалежнасці ДНР і ЛНР

22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь з павагай і разуменнем успрымае рашэнне расійскага боку аб прызнанні незалежнасці Данецкай і Луганскай народных рэспублік. Аб гэтым гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў у сувязі з прызнаннем Расіяй незалежнасці ДНР і ЛНР, паведамляе БЕЛТА.

Як адзначылі ў МЗС, Беларусь неаднаразова заяўляла аб небяспецы безразважных паводзін кіраўніцтва і палітыкаў шэрага заходніх краін, якія ў апошнія гады ўсё часцей прадпрымаюць непрыкрыты націск і пагрозы ў якасці інструментаў вырашэння сваіх і міжнародных праблем. "Улік інтарэсаў іншых удзельнікаў працэсу практычна паўсюль быў заменены імі на аднабаковыя абмежавальныя меры, гібрыднае ўздзеянне і агрэсіўную рыторыку, - гаворыцца ў заяве. - Яўным наступствам стаў імклівы рост напружанасці ва Усходнееўрапейскім рэгіёне, а таксама дэградацыя сістэмы міжнароднай бяспекі, што стваралася дзесяцігоддзямі, дыскрэдытацыя і нівеліраванне аўтарытэту такіх важнейшых крыніц міру і бяспекі, як ААН і АБСЕ, абясцэньванне міжнародных дагавораў і пагадненняў, таксама як і адмова ад сваіх непасрэдных абавязацельстваў па іх. Растаптаныя гарантыі Вялікабрытаніі і ЗША ў адносінах да Беларусі па Будапешцкім мемарандуме красамоўны прыклад таго".

"У такой сітуацыі мы з павагай і разуменнем успрымаем рашэнне расійскага боку аб прызнанні незалежнасці Данецкай і Луганскай народных рэспублік", - падкрэслілі ў МЗС.

Гэты крок Расіі, на думку беларускага боку, мае не толькі палітычнае, але і сур'ёзнае чалавечае, гуманітарнае вымярэнне, улічваючы колькасць расійскіх грамадзян, якія пражываюць на названых тэрыторыях і зведваюць нягоды на працягу амаль васьмі гадоў. "Беларусам як нікому іншаму знаёмы жахі вайны, а імкненне жыць у міры і згодзе паміж народамі - у нашым генетычным кодзе", - заўважылі ў МЗС.

Там нагадалі, што Беларусь заўсёды актыўна і паслядоўна выступала за мірнае ўрэгуляванне канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны: "Мы і цяпер лічым дыпламатычныя метады прыярытэтнымі і гатовы ўсямерна садзейнічаць гэтаму працэсу. Вітаем заявы расійскага боку аб адкрытасці да дыпламатыі ў гэтым кантэксце. Шлях перагавораў у нашым разуменні - адзіна правільны для таго, каб не дапусціць кровапраліцця паміж братэрскімі славянскімі народамі. Заклікаем усе бакі ўстрымацца ад ваеннай эскалацыі і любых іншых дзеянняў, якія закрываюць дарогу да міру".

Акрамя таго, у МЗС нагадалі аб асаблівай адказнасці ЗША і Еўрасаюза ў нагнятанні абстаноўкі ў рэгіёне. "Неабходна перастаць правакаваць насілле, напаўняць Украіну і краіны Балтыі войскамі і зброяй, уводзіць незаконныя санкцыі", - перакананы ў знешнепалітычным ведамстве.

"Беларускі бок у сваіх далейшых дзеяннях мае намер зыходзіць з прынцыпаў добрасумленных адносін усіх бакоў да выканання прынятых на сябе міжнародных абавязацельстваў, стратэгічнага саюзніцтва з братэрскай Расіяй, а таксама ўлічваць далейшае развіццё сітуацыі", - гаворыцца ў заяве МЗС.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі