ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 7 жніўня 2022
Мінск Малавоблачна +13°C
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
17 лютага 2022, 09:20

Беларусь выступае за развіццё практычнага супрацоўніцтва паміж АДКБ і профільнымі структурамі ААН

17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь выступае за развіццё практычнага супрацоўніцтва паміж АДКБ і профільнымі структурамі ААН у сферы падтрымання міжнароднага міру і бяспекі. Аб гэтым заявіў прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў на дэбатах у Савеце Бяспекі ААН па тэме супрацоўніцтва паміж ААН і АДКБ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Валянцін Рыбакоў адзначыў, што АДКБ прайшла значны і вельмі няпросты шлях трансфармацыі - ад абарончага па сваёй сутнасці саюза да шматфункцыянальнай арганізацыі бяспекі, якая мае рэальныя інструменты і калектыўныя механізмы для барацьбы з шырокім спектрам сучасных выклікаў і пагроз. "Мы ўспрымаем развіццё супрацоўніцтва нашых дзвюх арганізацый у сферах, што ўяўляюць узаемны інтарэс, як натуральны і лагічны працэс", - сказаў дыпламат.

У рамках работы па падтрыманні міру і бяспекі асобны фокус работы арганізацыі накіраваны на сітуацыю ў Афганістане, які мяжуе непасрэдна са знешнімі рубяжамі АДКБ. "Беларусь будзе падтрымліваць ініцыятывы партнёраў па АДКБ на пляцоўцы ААН, накіраваныя на садзейнічанне бяспецы ў Афганістане і прыгранічных рэгіёнах і нейтралізацыю выклікаў і пагроз, звязаных з тэрарызмам і экстрэмізмам. У гэтым кантэксце асаблівае значэнне набывае наладжванне сістэмнага ўзаемадзеяння паміж Сакратарыятам АДКБ і Контртэрарыстычным упраўленнем ААН. Аснова для гэтага ёсць у выглядзе адпаведнага мемарандума ад 9 лістапада 2018 года", - адзначыў Валянцін Рыбакоў.

Паводле яго слоў, перспектыўны напрамак - тэматыка міратворчасці: "Беларусь, якая агучыла ў 2011 годзе ініцыятыву аб развіцці супрацоўніцтва паміж АДКБ і ААН у гэтай сферы, надае больш значэння праводзімаму дыялогу паміж дзвюма арганізацыямі па гэтай тэме".

Беларускі дыпламат нагадаў, што калектыўныя міратворчыя сілы АДКБ упершыню былі задзейнічаны ў студзені 2022 года ў Казахстане на падставе звароту Прэзідэнта гэтай краіны і ў поўнай адпаведнасці са Статутам ААН і Дагаворам аб калектыўнай бяспецы. Дзяржавы - члены арганізацыі і міжнародныя эксперты, уключаючы прадстаўнікоў ААН, высока ацанілі своечасовасць і аператыўнасць прынятых рашэнняў аб правядзенні міратворчай аперацыі.

Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас нядаўняй пазачарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, дзеянні Калектыўных сіл далі магчымасць парушыць планы заказчыкаў і выканаўцаў справакаванага канфлікту ў краіне і нармалізаваць сітуацыю, а таксама прадэманстраваць дзеяздольнасць і патэнцыял арганізацыі.

"Высокі патэнцыял АДКБ у сферы міратворчасці можа быць вельмі карысным для сістэмы міратворчасці ААН, дзе назіраецца вялікі дэфіцыт спецыялістаў, тэхнікі і інфраструктуры. Лічым, што накіраванне мабільных шпіталяў, ваенных медыкаў або атрадаў па размініраванні, а таксама абсталявання і інфраструктуры магло б стаць магчымай формай удзелу АДКБ у міратворчасці ААН у рамках мандатаў Савета Бяспекі", - заявіў Валянцін Рыбакоў.

Паводле яго слоў, можна было б падумаць і аб іншых сферах сумеснай работы, не звязаных непасрэдна з дзейнасцю Савета Бяспекі ААН, але важных з пункту гледжання прэвентыўнай дыпламатыі. "Міжнародная інфармацыйная бяспека з'яўляецца вельмі актуальнай тэмай з улікам рэзкага росту частаты інцыдэнтаў у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, якія становяцца не толькі ўсё больш дэстабілізуючымі і разнапланавымі, але і ў значнай ступені падрываюць давер паміж краінамі", - сказаў дыпламат.

Ён таксама пацвердзіў гатоўнасць Беларусі як краіны-кандыдата ў непастаянныя члены Савета Бяспекі ААН на 2024-2025 гады садзейнічаць усім сумесным ініцыятывам ААН і АДКБ на карысць міжнароднага міру і бяспекі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі