Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
12 студзеня 2018, 14:44

Беларусь выступае за адкрыты дыялог для зніжэння напружанасці на еўрапейскім кантыненце

12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адкрыты дыялог адыгрывае ключавую ролю ў зніжэнні напружанасці на еўрапейскім кантыненце. Аб гэтым заявіла пастаянны прадстаўнік Беларусі пры АБСЕ Алена Купчына на першым пасяджэнні Пастаяннага савета АБСЕ пад старшынствам Італіі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.

У сваім выступленні Алена Купчына падкрэсліла, што адкрыты, транспарэтны і інклюзіўны дыялог адыгрывае ключавую ролю ў зніжэнні напружанасці і прадухіленні ваеннай канфрантацыі на еўрапейскім кантыненце. Яна пацвердзіла гатоўнасць беларускага боку актыўна ўдзельнічаць у барацьбе з транснацыянальнымі выклікамі і пагрозамі, у прыватнасці, праз арганізацыю ў Мінску канферэнцыі АБСЕ па прадухіленні тэрарызму з акцэнтам на кіберпрастору.

Беларускі дыпламат таксама выступіла за ўмацаванне эканамічнай узаемазвязанасці і паглыбленне кантактаў паміж рознымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі на пляцоўцы АБСЕ. Паводле яе слоў, Беларусь гатова ўносіць уклад у развіццё тэматыкі лічбавай эканомікі ў парадку дня АБСЕ і дзяліцца вопытам, таксама з улікам падпісанага Прэзідэнтам у снежні 2017 года дэкрэта "Аб развіцці лічбавай эканомікі".

У кантэксце агучанага італьянскім старшынствам намеру адрадзіць "дух Хельсінкі" Алена Купчына заклікала дзяржавы-ўдзельніцы, выканаўчыя структуры і інстытуты АБСЕ да ўзаемадзеяння з беларускім бокам для практычнага ажыццяўлення ініцыятывы кіраўніка беларускай дзяржавы аб запуску новага Хельсінкскага працэсу.

Першае пасяджэнне Пастаяннага савета АБСЕ пад старшынствам Італіі прайшло ў Вене 11 студзеня. На ім была прадстаўлена праграма італьянскага старшынства ў арганізацыі ў 2018 годзе. У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаў-удзельніц, генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, кіраўніцтва выканаўчых структур і інстытутаў арганізацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі