ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 7 кастрычніка 2022
Мінск Ясна +7°C
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
04 жніўня 2022, 11:00

Беларусь вылучыла шэраг ініцыятыў для руху да міру без ядзернай зброі

Фота з архіва
Фота з архіва

4 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сусветнай супольнасці неабходна сумесна прыняць рашучыя захады па ўсебаковым умацаванні Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі (ДНЯЗ) і стварэнні ўмоў для паступальнага руху да міру без ядзернай зброі. Беларускі бок у сувязі з гэтым прапанаваў шэраг паступальных крокаў, якія агучыў начальнік аддзела міжнароднай бяспекі і кантролю над узбраеннямі галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Беларусі Васіль Паўлаў на канферэнцыі па разглядзе дзеяння Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі (ДНЯЗ) у Нью-Ёрку, паведамляе БЕЛТА.

"Цяпер усім нам неабходна ўсведамленне калектыўнай адказнасці, каб сумесна прыняць рашучыя захады па ўсебаковым умацаванні ДНЯЗ і стварэнні ўмоў для паступальнага руху да міру без ядзернай зброі. Беларускі бок гатовы падтрымліваць усе канструктыўныя намаганні і ініцыятывы ў гэтым напрамку", - сказаў дыпламат.

У якасці першага кроку Беларусь прапанавала прыняць канкрэтныя меры па зніжэнні ядзерных рызык і наданні працэсу ядзернага раззбраення шматбаковага і неабарачальнага характару. Асаблівая роля і адказнасць у гэтым пытанні павінна належаць дзяржавам, якія валодаюць ядзернай зброяй, лічыць беларускі бок.

Па-другое, як абазначыў дыпламат, трэба забяспечыць больш хуткае ўступленне ў сілу Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў (ДУЗЯВ), што адыгрывае крытычна важную ролю для дасягнення мэт ядзернага раззбраення. "Дагавор, які ратыфікавалі 174 дзяржавы, мае практычна ўніверсальны характар. Заклікаем дзяржавы, ад чыіх дзеянняў залежыць лёс ДУЗЯВ, праявіць палітычную волю і прыняць неадкладныя меры для яго ўступлення ў сілу", - падкрэсліў Васіль Паўлаў.

Васіль Паўлаў. Фота пастаяннага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры ААН
Васіль Паўлаў. Фота пастаяннага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры ААН

Надаць новы імпульс працэсу стварэння зон, свабодных ад ядзернай зброі, - такая трэцяя прапанова беларускага боку, агучаная на канферэнцыі. "У сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя Беларусь прапанавала ідэю стварэння такой зоны ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. На жаль, тады добры парыў і заклік Беларусі пачутымі не былі", - канстатаваў прадстаўнік МЗС.

У якасці наступнай, чацвёртай, ініцыятывы ён прапанаваў разгледзець пытанне аб распрацоўцы глабальнага юрыдычна абавязваючага пагаднення аб прадастаўленні няядзерным дзяржавам з боку краін, якія валодаюць ядзернай зброяй, недвухсэнсоўных і безумоўных гарантый аб непрымяненні ядзернай зброі і недапушчэнні пагрозы яе прымянення. "Гэта ў поўнай меры ўпісваецца ў логіку прапановы кіраўніка беларускай дзяржавы, зробленай у маі бягучага года ў пісьме генеральнаму сакратару ААН, аб неабходнасці выпрацоўкі зразумелых і празрыстых дамоўленасцей аб правілах новага сусветнага парадку, што забяспечыць гарантыі бяспекі ўсім членам міжнароднай супольнасці", - сказаў Васіль Паўлаў.

"Ад эфектыўных і доўгатэрміновых рашэнняў у сферы ядзернага раззбраення і нераспаўсюджвання залежаць непасрэдна мір, бяспека, стабільнасць, і, у рэшце рэшт, само існаванне чалавецтва. Беларусь гатова да канструктыўнага ўзаемадзеяння з сімі дзяржавамі-ўдзельніцамі ў мэтах поспеху канферэнцыі", - рэзюмаваў дыпламат.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі