ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 9 жніўня 2022
Мінск Пераменная воблачнасць +14°C
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
02 лютага 2022, 20:00

Беларусь уводзіць забарону на чыгуначны транзіт з Літвы для групы тавараў

Фота з архіва
Фота з архіва

2 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь уводзіць забарону на чыгуначны транзіт з Літвы для групы тавараў. Аб гэтым заявіў сёння журналістам прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Анатоль Глаз нагадаў, што Літва забараніла транзіт беларускіх тавараў праз свае парты. Беларускі бок неаднаразова прапаноўваў кансультацыі для ўрэгулявання пытанняў у прававым полі, але Літва не пайшла на дыялог. Паводле слоў прэс-сакратара, кіруючыся прынцыпамі добрасуседства і не жадаючы прычыняць урон "шматпакутнаму літоўскаму народу", Беларусь устрымлівалася ад рэзкіх мер у адказ у сувязі з "паслядоўнымі варожымі дзеяннямі безразважнага літоўскага кіраўніцтва".

"Беларусь не можа ігнараваць гэту гібрыдную атаку і вымушана, як папярэджвалася загадзя, пайсці на меры ў адказ. Намі прынята рашэнне аб забароне перавозак транзітам па сваёй тэрыторыі з Літвы чыгуначным транспартам нафтапрадуктаў, хімічных і мінеральных угнаенняў, пагружаных на станцыях Літоўскай чыгункі. Па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь такіх грузаў перавозіцца каля 1,5-1,6 млн т на суму большую за $1 млрд штогод", - сказаў прэс-сакратар МЗС.

Беларусь інфармуе ўсіх зацікаўленых за чатыры дні да ўступлення ў сілу гэтага рашэння. Гэта канвенцыйная забарона па ініцыятыве беларускага боку будзе аб'яўлена дырэкцыяй Савета па чыгуначным транспарце дзяржаў - удзельніц СНД і ўступіць у сілу 7 лютага 2022 года.

"Прамыя страты Клайпедскага порта, Літоўскай чыгункі і іншых удзельнікаў літоўскага ланцужка паставак будуць яшчэ доўга падлічваць, але ўжо цяпер зразумела, што яны вылічаюцца сотнямі мільёнаў еўра. Шматмільённыя страты чакаюцца па судовых ісках, якія прад'яўлены ўжо Літве, і штрафных санкцыях. Беларусь пакідае за сабой права на далейшыя дзеянні эканамічнага характару, у тым ліку сумесна са сваімі партнёрамі, у выніку чаго транзітная інфраструктура Літвы можа пайсці ва ўтыль", - падкрэсліў Анатоль Глаз.

У МЗС выказалі шкадаванне, што сур'ёзныя выдаткі панясе шматтысячны калектыў Літоўскай чыгункі, прадстаўнікі бізнесу і простыя літоўцы. "Гісторыя паказала, што Беларусь заўсёды была і будзе на вашым баку і палітыканам-марыянеткам не ўдасца зусім разарваць нашы культурныя, гістарычныя і дзелавыя сувязі. У бягучай сітуацыі вы можаце разлічваць на наша разуменне, аднак усе скаргі неабходна адрасаваць палітычнай эліце, якая ўтрымлівае сёння ўладу у Літве. Беларускі бок захоўвае адкрытасць да дыялогу і заўсёды гатовы выслухаць прапановы афіцыйнага Вільнюса па вырашэнні ўсіх пытанняў у прававым полі", - падкрэслілі ў ведамстве.

Напярэдадні прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка расказаў аб запланаваных мерах у адказ у адносінах да Літвы пасля спынення транзіту беларускага калію. "Сапраўды, літоўскі бок перастаў прымаць нашы паязды, якія транспартавалі калій у порт Клайпеды для адгрузкі. Меры ў адказ будуць жорсткімі. Мы, як прынята гаварыць, адкажам сіметрычна. Рашэнне прынята, яно закране чыгуначны транспарт, які ідзе з тэрыторыі Літвы", - сказаў Раман Галоўчанка.

Пры гэтым кіраўнік урада падкрэсліў, што беларускі бок прапанаваў літоўскім калегам дыялог па гэтым пытанні. "Мы звярнуліся з прапановай у прававым полі правесці кансультацыі і вызначыць далейшыя нашы ўзаемаадносіны. На нашу думку, Літва, прыняўшы такое рашэнне ў аднабаковым парадку, парушыла міжурадавае пагадненне аб чыгуначных зносінах, не гаворачы аб дакументах, што рэгулююць пытанні транзіту для краін, якія не маюць выхаду да мора. Мы прапанавалі варыянт. Калі нам не адкажуць, у бліжэйшыя дні ўвядзём меры ў адказ", - заявіў прэм'ер-міністр.

Паводле яго слоў, у Беларусі даўно рыхтаваліся да гэтай сітуацыі і пераарыентавалі пастаўкі. "За кошт больш доўгага лагістычнага пляча ў РФ нашы вытворцы крыху страцілі ў маржынальнасці, але яна будзе кампенсавана ростам сусветных цэн. Таму мы, па сутнасці, нічога не страцілі, страціла эканоміка Літвы. Больш таго, мы запатрабуем спагнаць усе штрафы, якія належаць за скасаванне кантрактаў на перавозку з іх боку. Адпаведныя іскавыя заявы пададзены. Запатрабуем спагнаць з іх у тым ліку ўпушчаную выгаду. Гэта вялікія сумы", - адзначыў Раман Галоўчанка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі