
28 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Юрый Амбразевіч у Жэневе сустрэўся з намеснікам генеральнага сакратара ААН, выканаўчым сакратаром Еўрапейскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) ААН Вольгай Алгаеравай. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў беларускім знешнепалітычным ведамстве.
Сустрэча адбылася ў рамках візіту намесніка міністра ў Жэневу для ўдзелу ў міжнародных мерапрыемствах высокага ўзроўню.
У кантэксце маючай адбыцца юбілейнай 70-й сесіі камісіі і Рэгіянальнага форуму па ўстойлівым развіцці, якія адбудуцца вясной гэтага года, беларускі дыпламат пацвердзіў прыхільнасць Беларусі да ўнікальнага мандата ЕЭК ААН. Ён таксама падкрэсліў важную ролю камісіі ў развіцці рэгіянальнага сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва ад Ванкувера да Уладзівастока для рэалізацыі Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года.
Юрый Амбразевіч і Вольга Алгаерава абмеркавалі розныя аспекты ўдзелу Беларусі ў праектнай і іншай дзейнасці ЕЭК ААН. Беларускі дыпламат станоўча ацаніў імкненне кіраўніцтва і сакратарыята ЕЭК у няпростых геапалітычных умовах захоўваць збалансаваную пазіцыю, накіраваную на падтрыманне канструктыўнага дыялогу, сумесны пошук рашэнняў спрэчных пытанняў і ўлік інтарэсаў усіх дзяржаў-членаў камісіі.
У склад ЕЭК ААН уваходзяць краіны Еўропы, Цэнтральнай Азіі, а таксама ЗША, Канада і Ізраіль.-0-